БЕЛ Ł РУС

Макрон просіць кіраўніка Еўракамісіі забараніць сацсеткі дзецям да 15 гадоў

8.09.2026 / 08:37

Nashaniva.com

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон звярнуўся да старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен з просьбай падрыхтаваць «еўрапейскі заканадаўчы акт», які забараняў бы дзецям ва ўзросце да 15 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі, піша DW.

Фота: Geert Vanden Wijngaert / AP

Канстытуцыйны савет Францыі 14 жніўня заблакаваў адпаведны нацыянальны закон. Вышэйшы орган канстытуцыйнага кантролю ў Францыі растлумачыў сваю пазіцыю тым, што гэтае палажэнне парушае свабоду выказвання меркаванняў.

Макрон, які павінен пакінуць пасаду пасля выбараў у красавіку 2027 года, заявіў, што спадзяецца ў бліжэйшыя месяцы «знайсці шлях наперад» з дапамогай «перагледжанага заканадаўчага акта» на нацыянальным узроўні, які будзе «адпавядаць заканадаўству ЕС і Канстытуцыі».

У лісце да фон дэр Ляен палітык заявіў, што «цяпер вельмі важна пайсці далей і гарманізаваць гэтае палажэнне з дапамогай новага еўрапейскага дакумента».

Як адзначала агенцтва Reuters, рашэнне Канстытуцыйнага савета Францыі стала ўдарам для кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт даручыў прэм’ер-міністру Себасцьену Лекарню падрыхтаваць новы, «юрыдычна бездакорны» праект закона.

Законапраект з’явіўся пасля таго, як французскі орган нагляду ў сферы аховы здароўя ў справаздачы ад снежня 2025 года папярэдзіў пра шкоднае ўздзеянне на дзяцей такіх платформаў, як TikTok, Instagram і Snapchat. Сярод патэнцыйных рызык называліся зніжэнне самаацэнкі, а таксама магчымае павелічэнне выпадкаў самапашкоджання, самагубстваў і ўжывання наркотыкаў.

Паводле статыстыкі, кожны другі падлетак праводзіць са смартфонам ад дзвюх да пяці гадзін у дзень, а 58% выкарыстоўваюць тэлефоны для доступу да сацыяльных сетак.

Ініцыятыва па забароне набрала абароты пасля таго, як Эмануэль Макрон зрабіў яе адным з ключавых пунктаў унутранай павесткі ў апошні год свайго знаходжання на пасадзе.

У снежні 2025 года асобам ва ўзросце да 16 гадоў заблакавалі доступ да большасці сацыяльных сетак у Аўстраліі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула