Жанчына паказала стан туалета ў «Белмытсэрвісе» ў цэнтры Мінска. Там папрасілі прабачэння
«Мой шок у шоку». А людзі ў каментах накідалі спіс іншых такіх прыбіральняў.
Наведніца зняла санвузел у цэнтры аказання паслуг дзяржаўнага прадпрыемства на Магілёўскай, 41. У «Белмытсэрвісе» паабяцалі рамонт.
Жанчына апублікавала ў Threads відэа туалета ў будынку на вуліцы Магілёўскай, 41, у Мінску.
«Мой шок у шоку. Гэта не фільм жахаў. Гэта туалет у дзяржаўнай арганізацыі, якая бярэ грошыкі за кожную паперку», — напісала яна і прапанавала падпісчыкам адгадаць месца.
Аказалася, што гэтая прыбіральня знаходзіцца ў цэнтры аказання паслуг РУП «Белмытсэрвіс». Прадстаўнікі арганізацыі адрэагавалі на публікацыю.
«Мы згодныя з вамі: стан санітарных пакояў на момант вашага візіту непрымальны», — заявілі ў «Белмытсэрвісе».
Там патлумачылі, што раней арандавалі памяшканне, а нядаўна сталі ўласнікамі будынка. Рамонт паабяцалі зрабіць «у найбліжэйшай перспектыве», дадаўшы, што наведніца трапіла ў «пераходны перыяд».
У каментарыях беларусы пачалі згадваць іншыя месцы з праблемнымі прыбіральнямі.
«Вы яшчэ не бачылі туалет у гарадскім пасёлку Мір, на плошчы, куды прыязджаюць турысты, у тым ліку замежныя. Туды проста немагчыма зайсці: усё льецца на падлогу, патрэбныя гумовыя боты і касцюм хімічнай абароны. Кажуць, на тэрыторыі замка ёсць платны — ідзіце туды».
«У навучальным цэнтры ДТСААФ на вуліцы Ігнаценкі, 7, тое самае. Пра рамонт нават унітазаў там, відаць, не мараць».
«У Лагойску ў будынку БТІ прыбіральні ўвогуле няма — яна на вуліцы і прыкладна ў такім жа стане».
Прыбіральню ў «Белмытсэрвісе» тым часам параўналі з дэкарацыямі да фільма жахаў.
«Вайб «Сайлент Хіла».
«Нават калі вельмі хочацца — зойдзеш і рэзка перахочацца».
«Там не пальчаткі патрэбныя, а перфаратар. Усё знесці і зрабіць нанова».
«Шчыра кажучы, такое бачыла толькі гадоў дзесяць таму».