«У сезон можна зарабляць на рыбе больш за 10 000 на месяц». Беларуска пра жыццё на Камчатцы
Магчыма, Камчатка — гэта самае прыгожае месца на свеце. І адначасова самае няпростае для жыцця. Той, хто перажыў землятрус магнітудай 8,8 або быў занесены снегам да другога паверха, сёе-тое ведае пра бездапаможнасць чалавека перад прыродай. Жыццё на Камчатцы — доля моцных людзей. І адна з іх — Дзіна Шабалдаева, піша Onliner.by.
«Смела, смела»
Дзіна нарадзілася ў Барысаве, у сям'і марскога афіцэра, але 1993 год заспеў яе ва Уладзівастоку. Менавіта тады ў кінатэатрах паказвалі «Вызваліце Вілі» — фільм, які назаўсёды змяніў 6‑гадовую Дзіну.
— Усе міленіялы, упэўненая, памятаюць, як хлопчык Джэсі ратуе касатку Вілі. У той дзень пасля прагляду я сказала маме, што буду займацца кітамі, — успамінае гераіня.
Але сям'я вярнулася ў Беларусь, Дзіна пайшла ў школу ў Барысаве, а потым — у педагагічны ўніверсітэт у Мінску, і прасторы для выратавання касатак не назіралася. Затое дзяўчына зрабіла ўражвальную кар'еру ў IT — ад звычайнага рэкрутара да HR-дырэктара.
— Мара працаваць з касаткамі заўсёды заставалася са мной. І калі я стала добра зарабляць, то пачала шукаць магчымасці. Так я даведалася пра Far East Russia Orca Project — навуковы праект па вывучэнні касатак на Далёкім Усходзе, які працуе з 1999 года. А яшчэ — пра Kamchatka Freeride Community.
У 2021 годзе я ўпершыню больш чым за 30 гадоў прыляцела на Камчатку. Так, у дзяцінстве я бывала там у гасцях, але толькі цьмяна памятала вулканы і гарачыя крыніцы. Цяпер мяне чакалі пяць дзён у Ціхім акіяне разам з навукоўцамі-біёлагамі.
Наша задача — назіраць за жывёламі, але ім не нашкодзіць. Акіян — гэта па-вар'яцку прыгожа. Усе жывуць у намётах, без сувязі са знешнім светам, па восем гадзін мерзнуць у лодцы, каб мець хаця б адзін шанец са ста сустрэць касатку… Яно таго вартае!
— Так я стала лётаць на Камчатку штолета. А ў 2023 годзе, чарговы раз апынуўшыся на мысе Зялёным, даведалася, што ў кампаніі вызваляецца месца кіраўніка аддзела продажаў.
Далей усё было проста:
— Я Дзіна, хачу з вамі працаваць.
— Ну, смела, смела.
І мяне прынялі!
Вось так у кастрычніку 2023 года Дзіна пабачыла сябе з трыма валізамі і білетам у адзін бок у аэрапорце Петрапаўлаўска-Камчацкага. Камфортны свет сталічнай беларускай «айцішкі» яна памяняла на вулканічныя палі.
— У мяне не было ілюзій. Я разумела, што такое Петрапаўлаўск-Камчацкі: шэры горад, якому патрэбны клапатлівы гаспадар, ён не мае такой інфраструктуры, як Мінск.
Геаграфічна Камчатка — гэта паўвостраў, але дэ-факта — востраў. Сюды вядуць толькі два шляхі: па паветры і па моры. І гэта вызначае многае.
Напрыклад, плітку могуць класці паўгода, бо матэрыялы не прывезлі з мацерыка або, дапусцім, пачаўся цыклон — і ўсё засыпала снегам.
Але за пяць гадоў, што я назіраю за горадам, зроблена рэальна шмат. Мясцовыя, вядома, са мной не пагодзяцца — яны заўсёды незадаволеныя.
Напрыклад, бізнэсы Камчаткі абвясцілі флэшмоб: прыбраць возера Култучнае ў цэнтры горада. Большасць пакутавала ў сацсетках, а 40 чалавек, у тым ліку я і калегі, адгукнуліся.
Ёсць людзі, якія проста ныюць і нічога не робяць. А ёсць такія, якія бяруць і робяць. І гэта тычыцца не толькі Камчаткі.
Петрапаўлаўск-Камчацкі, магчыма, не такі прыгожы горад, затое ён здольны вытрымаць любы землятрус.
«Дом пачынае дрыжаць, асфальт ходзіць хвалямі»
Калі выходзіш з самалёта ў новым аэрапорце імя Вітуса Берынга, цябе сустракаюць «хатнія» вулканы. Проста на ўзлётнай паласе бачныя Карак, Авача і Казель — так мясцовыя ласкава называюць Каракскі, Авачынскі і Казельскі вулканы.
У гэтай прыгажосці, што захоплівае дух, на жаль, ёсць свой кошт — 7 тысяч землятрусаў на год.
30 ліпеня 2025 года Дзіна памятае ледзь не па хвілінах. А 11:27 у Петрапаўлаўску-Камчацкім пачаўся землятрус магнітудай 8,8.
Беларусам такія лічбы мала што скажуць. Проста ведайце: гэта наймацнейшы землятрус на Камчатцы за апошнія больш чым 70 гадоў.
— У той дзень я сядзела дома, на чацвёртым паверсе, працавала за ноўтбукам — звычайны дзень менеджара па турызме. Пачало трэсці. Думаю: ну, афтэршок — і працую сабе далей. А на стале ў мяне ляжаць на падстаўцы пацеркі — лайфхак, каб ацэньваць сілу землятрусу. І я гляджу: пацеркі пакаціліся.
Літаральна праз пяць секунд раздаецца магутны гул знізу, нібы едзе цягнік з грудай металу, дом пачынае дрыжаць, у кухоннай шафе бразгае посуд, і я разумею: ну ўсё. Спрабую ісці, трымаючыся за сцены калідора, а мяне хістае ў розныя бакі. Усё трасецца, шафа-купэ з'ехала ў лепшае жыццё, люстра разгойдваецца на эмацыйных арэлях…
— Гук землятрусу — гэта ні з чым не параўнальная рэч. Чутно, як сцены пачынаюць скрыгатаць… У выніку я выбегла ў красоўках на вуліцу, — успамінае Дзіна. — Усе суседзі зрабілі тое самае, адышлі далей: а раптам дом складзецца, як у Турцыі ў 2023-м?..
Пачалася другая хваля. Памятаю, як нахілілася, каб паправіць шнурок, а зямля наогул не трымае. Машыны, якія стаялі на ручніку, зрываюцца і едуць. Усё бразгаціць. Асфальт ходзіць хвалямі. Гэта сапраўды страшна. Я не баюся землятрусаў, але тады мне стала не па сабе.
Пачалася паніка, увесь Петрапаўлаўск стаў на выездзе з горада. Давіліся, чэргі на запраўках… Трэсла практычна кожныя 15 хвілін. МНС зрабіла рассылку: калі ласка, не заставайцеся ноччу ў кватэрах. Многія хадзілі па горадзе да раніцы, сядзелі каля вады, ставілі палаткі проста на вуліцы.
Але ніводны будынак не разбурыўся! Ніводны чалавек не загінуў. Толькі ў аэрапорце пацярпела жанчына, але траўмы аказаліся лёгкімі. Горад паказаў сябе менавіта ў крытычнай сітуацыі, бо нават для бывалых камчатцаў гэта сур'ёзнае выпрабаванне.
Потым на працягу некалькіх месяцаў трэсла практычна кожны дзень. Эпіцэнтр землятрусаў заўсёды знаходзіцца ў Ціхім акіяне, а да Петрапаўлаўска-Камчацкага даходзіць толькі хваля. Таму нам адносна шанцуе.
Мы жывём у сейсмаактыўным рэгіёне — ты альбо прымаеш гэта, альбо не.
Як правіла, у кожнага жыхара Камчаткі ў шафе стаіць «трывожны чамаданчык». Уявіце сабе паблік, дзе — звычайная справа — увесь горад пачынае перапісвацца ноччу: «Дзе трэсла?», «Што ў вас?», «Колькі балаў?». Звычайны дзень на Камчатцы.
— Вулканы — жывыя. Розныя. Абсалютна кожны — са сваёй гісторыяй. Калі сесці ў самалёце з левага борта, то Карак, Авача і Казель будуць сустракаць цябе падчас падлёту да Камчаткі. Я толькі што расказвала вам трывожныя гісторыі, але Камчатка — гэта маё сэрца. Яна глыбока ўкаранілася ўнутры, прарасла вулканічнымі палямі.
«Пургаваць — гэта ўжо частка генетычнага кода»
Напэўна, гэтай зімой вы бачылі ў сацсетках «вясёлыя» рылсы з Петрапаўлаўска-Камчацкага. Многія вырашылі, што іх згенераваў штучны інтэлект: ну не могуць жа, сапраўды, людзі адкопваць сумёты памерам з тры паверхі! На Камчатцы — могуць.
— Снегу было столькі, што на некаторых сопках у горадзе ён заставаўся нават у жніўні, — усміхаецца Дзіна. — Сёлетняя зіма стала для Камчаткі рэкорднай па колькасці снегу за апошнія 12 гадоў. Хоць старажылы кажуць, што ў дзевяностыя гэта было звычайнай справай.
12—16 студзеня прайшоў цыклон, і нас так засыпала! Аэрапорт закрылі на некалькі сутак, заняткі ў школах адмянілі. Гісторыі, калі людзі не маглі адкрыць дзверы, выйсці з пад'езда з-за снегу, — гэта рэальнасць. Як і КамАЗы на велізарных колах замест аўтобусаў.
Святлафор свеціць недзе на ўзроўні тваіх ног — гэта не ШІ, у мяне ёсць такое фота. Большасць камчатцаў ставіцца да сітуацыі з гумарам.
«Падснежнікамі» яны называюць машыны, якія паказаліся з-пад снегу і затрымаліся зімой пад шматтоннымі сумётамі.
У слоўніку любога паважанага жыхара Камчаткі нават ёсць адмысловае слова — «пургаваць». Яно азначае старажытную народную забаву: закупіць пабольш прадуктаў, паставіць машыну на пурговую стаянку, зачыніцца дома і глядзець у акно.
— Пургаваць — гэта ўжо частка генетычнага кода камчатцаў. Без гэтага нават сумна! — смяецца Дзіна. — Гэта магчымасць зноў стаць дзіцем і катацца з горак на пакеце, кавалку лінолеуму або кардонцы. Дзікае захапленне нават у 39 гадоў!
«Касаткі лепшыя за людзей»
Як вы ўжо зразумелі, асобная любоў Дзіны — гэта касаткі. Афіцыйна яны адносяцца да зубатых кітоў, але насамрэч касатка — самы буйны дэльфін у свеце.
— Працоўны дзень вучонага, які назірае за касаткамі, выглядае так: сняданак а сёмай раніцы, а дзявятай усе ўжо садзяцца ў лодкі і адпраўляюцца ў акіян гадзін да пяці вечара. Адна з лодак, дарэчы, акустычная: яна запісвае гукі жывёл. Цэлы дзень у лодцы, увесь змёрзлы, прамёрзлы да касцей, але сэрца кожны раз замірае, варта толькі ўбачыць плаўнік за сто метраў, а часам і каля самага носа лодкі. Мара здзейснілася!
Дарэчы, на Камчатцы ёсць добрыя экіпажы, якія прытрымліваюцца рэкамендацый зоаабаронцаў, а ёсць дрэнныя — тыя, што дзеля бізнэсу плююць на жывёл. Пару тыдняў таму 33 катары ганяліся за адной сям'ёй касатак, каб пацешыць турыстаў, — так рабіць ні ў якім разе нельга. Авачынская бухта — гэта іх дом. І калі людзі ўрываюцца туды без запрашэння, гэта мае наступствы.
Рэкамендацыя вельмі простая: трэба спыніцца на адлегласці 300 метраў, заглушыць усё і моўчкі назіраць. «Можна паплаваць з касаткамі?» — пытаюцца турысты. Вядома, нельга: гэта парушэнне іх межаў. Але, калі ты стаіш у дрэйфе, можаш убачыць цуд: касатка сама падыдзе і праплыве проста пад лодкай.
Калі на цябе плыве натоўп з 15—20 асобін — гэта адчуванне ні з чым не параўнаць. Дзіўныя раскошныя гіганты! Яны плывуць на цябе і пыхкаюць: пш-ш-ш, пш-ш-ш… Я ім давяраю. Касаткі вельмі разумныя. Я магу гаварыць пра касатак бясконца!
Касаткі лепшыя за людзей. Яны жывуць вельмі дружнымі сем'ямі, клапоцяцца адно пра аднаго. Прычым у касатак матрыярхат: мама — галоўная. Жыццёвы цыкл гэтых жывёл падобны да чалавечага. Самкі жывуць да 90 гадоў, самцы — крыху менш, да 70. Касаткі вельмі доўга выношваюць дзіця — 15—18 месяцаў, і заўсёды толькі адно. Кормяць яго малаком.
Пасля 40 гадоў у касатак надыходзіць клімакс — вось проста як у жанчын. А яшчэ ў іх ёсць бабулі, якія перадаюць традыцыі, культурны код і, напрыклад, застаюцца з маладняком, пакуль самкі палююць.
Аднойчы я бачыла, як бабуля дала аплявуху малому, які занадта актыўна гуляў і лез пад плаўнікі. Гэта было вельмі смешна.
Самая вядомая на Камчатцы касатка — самец Вілі, у каталогу ён запісаны як AV27. Імя яму далі капітаны. Як і ў яго галівудскага цёзкі, у авачынскага Вілі плаўнік падае на левы бок. Вілі больш за 30 гадоў, і ён жыве з мамай.
— На жаль, Вілі хварэе. Два гады таму яму было дрэнна: мама проста падносіла яму рыбу, падкідвала ласося, каб ён еў. Яе Вялікасць Кабі (у каталогу AV25) — матрыярх сваёй сям'і.
Вілі не зможа выжыць без мамы, хоць летась ён паверыў у сябе і выкідваў такія піруэты, вылятаў з вады!.. Увогуле, касаткі — сапраўдныя кайфушнікі. Яны жывуць сваё лепшае жыццё ў акіяне, смачна ядуць рыбу (ці цюленяў) і імкнуцца быць свабоднымі. Нам, людзям, шмат чаму можна ў іх павучыцца.
«Мядзведзь спусціўся з сопкі і бегаў па стадыёне»
Раз ужо гаворка зайшла пра жывёл, яшчэ адзін брэнд Камчаткі — гэта мядзведзі. Аматары чорнага гумару не стамляюцца жартаваць пра тое, як мішкі ядуць няўважлівых турыстаў направа і налева. Але колькі ў гэтым праўды?
— Бурыя мядзведзі — такія ж паўнапраўныя жыхары Камчаткі, як і людзі. 25 тысяч асобін — адна з самых буйных папуляцый у свеце, між іншым. Таму мядзведзі, вядома ж, выходзяць да людзей, нават у самым Петрапаўлаўску-Камчацкім. Прыкладна 10—15 такіх выпадкаў бывае за лета.
Натуральна, мядзведзь — драпежнік, але ні ў аднаго мядзведзя ў галаве няма думкі: «Дай-ка я з'ем турыста».
Напады адбываюцца з-за нечаканасці або глупства, калі людзі адключаюць інстынкт самазахавання.
Мы просім турыстаў не набліжацца да мядзведзяў, а яны наўмысна падыходзяць: «Хачу сэлфі з мішкам!»
Але пры ўсёй сваёй знешняй нязграбнасці мядзведзь — вельмі магутны і хуткі звер. Ён можа дагнаць за лічаныя секунды — вы проста не паспееце ўхіліцца. Некаторыя асабліва безгаловыя нават «частуюць мішку піражком», а потым здзіўляюцца, чаму ён скача на машыну і пачынае яе разгойдваць.
Аднойчы пасля няўдалага лета, калі рыба не прыйшла на нераст, галодны мядзведзь у пошуках ежы з'явіўся проста ў цэнтры Петрапаўлаўска-Камчацкага. Спусціўся з сопкі і бегаў па стадыёне ў 23:00. Моцна стрэсаваў.
Звод правілаў, як паводзіць сябе пры сустрэчы з мядзведзем, прыкладна такой жа важнасці, як і дзеянні падчас землятрусу. Улады не стамляюцца нагадваць пра іх кожны сезон. Я перакананая, што чалавек сам забяспечвае ўласную бяспеку. Не варта ігнараваць правілы, напісаныя крывёй.
Мядзведзі не ядуць турыстаў. Яны могуць напасці на чалавека, таму што самі нас баяцца.
«Камчатцы ядуць чырвоную ікру бочкамі? Міф!»
Калісьці Камчатку лічылі «залатым краем» — у першую чаргу з-за павышаных далёкаўсходніх каэфіцыентаў і ўражвальных заробкаў. Але як выглядае сітуацыя сёння?
— У рыбалоўнай і золатаздабыўной прамысловасці ў сезон, падчас пуціны, можна за тры-чатыры месяцы зарабіць да 1,2 млн расійскіх рублёў (каля 43 тыс. беларускіх паводле курсу). Але гэта вельмі цяжкая праца, бясконцыя змены на рыбалоўных траўлерах.
А калі ўзяць сярэдні заробак на Камчатцы, то гэта каля 150 тыс. расійскіх рублёў (больш за 5 тыс. беларускіх). Гучыць добра, але трэба ўлічваць цэны ў крамах.
Усе прадукты і паслугі тут прыкладна ў тры-чатыры разы даражэйшыя, чым у Беларусі, бо лагістыка вельмі складаная. Напрыклад, малюсенькая пачка памідораў чэры каштуе 23 беларускія рублі. Летась запусцілі ўласную вытворчасць агуркоў на гарачых крыніцах — 18 беларускіх рублёў за кілаграм. І гэта праблема.
Кілаграм чырвонай ікры каштуе 430 беларускіх рублёў — мясцовым гэта недаступна. Камчатцы ядуць чырвоную ікру і крабаў бочкамі? Гэта міф.
Ікра — толькі на Новы год ці дзень нараджэння.
Арэнда аднапакаёвай кватэры ў Петрапаўлаўску-Камчацкім, не «бабушатніка», абыдзецца ў $520—700 паводле курсу. Інтэрнэт — 90 беларускіх рублёў у месяц. «Камуналка» — 250 беларускіх рублёў зімой і каля 180 летам.
На цэны на гародніну, садавіну і камунальныя паслугі на Камчатцы не скардзіўся толькі лянівы. Але ўсё гэта цьмянее на фоне аксамітных сопак Петрапаўлаўска, перакананая гераіня.
— За 15—20 гадоў з Камчаткі можна зрабіць шыкоўны турыстычны кластар. Я вельмі за гэта выступаю і гатовая ўкладваць уласныя грошы, таму што Камчатка — неверагодная. Гэта жамчужына! Няхай пакуль і з крыху зношанай інфраструктурай.
Я перакананая, што Камчатка для беларусаў бліжэй, чым здаецца. Авіябілеты з Масквы да Петрапаўлаўска-Камчацкага і назад каштуюць каля $400 паводле курсу на чалавека. Палёт займае прыкладна восем з паловай гадзін, і, калі пашанцуе, проста ў ілюмінатары можна ўбачыць паўночнае ззянне.
Базавы летні тур на Камчатку на 7 дзён (разам з пражываннем у гатэлі, харчаваннем, трансферам з аэрапорта, суправаджэннем гіда) каштуе каля $2,3 тыс. паводле курсу на чалавека. Зімой для фрырайдэраў, сноўбардыстаў і лыжнікаў цэны прыкладна такія ж.
Вядома, калі вы захочаце паспрабаваць хелі-скі (гэта калі вас дастаўляюць на верталёце на вяршыню вулкана або горны схіл), давядзецца заплаціць каля $6 тыс. за 8 дзён. Але гэта топавы топ!
Многія мясцовыя — як шавец без ботаў: яны могуць 20 гадоў жыць на Камчатцы, але нідзе не пабываць — бо лянота, праца, дача, дзеці, сабакі… Усё залежыць ад імкненняў.
Многія лакацыі — Вачкажец, Блакітныя азёры — знаходзяцца недалёка ад Петрапаўлаўска, а машына ёсць у кожнага. Іншая справа — напрыклад, Даліна гейзераў: яна ўнесена ў спіс аб'ектаў ЮНЕСКА, а дабрацца туды можна толькі на верталёце. Не кожны можа дазволіць сабе заплаціць $1200 за такую экскурсію.
Затое калі дзеці на Камчатцы заканчваюць школу, іх туды возяць бясплатна.
Месца сілы
Калі Камчатка падрыхтавала для чалавека такія сур'ёзныя выпрабаванні, то навошта ўсё гэта цярпець? Ці не прасцей жыць на мацерыку?
— Камчатка — месца для моцных людзей. Слабакоў яна не прымае. Яе прыгажосць трэба заслужыць — і яна сама выбірае, каму паказацца. Магчыма, гучыць дзіўна, але гэта так.
Увогуле, людзі Далёкага Усходу — гэта лепшыя людзі. Сапраўдныя. Яны жывуць у складаных рэгіёнах і настроеныя дапамагаць адзін аднаму, таму што ўсялякае можа здарыцца. Ніхто на вуліцы не пройдзе міма тваёй бяды.
Я бачыла гэта ва Уладзівастоку і Хабараўску, на Камчатцы, Сахаліне і Ямале. Людзі ў мегаполісах у бясконцым коле дасягненняў забываюць пра галоўнае. А тут шануюць законы прыроды.
Камчатцы — гэта сапраўды вельмі моцныя духам людзі, яны ніколі не здаюцца, толькі жартуюць. У Маскве адзін раз выпаў нармальны снег — усё, канец свету, гараджане плачуць. У Петрапаўлаўску-Камчацкім сумёты на тры паверхі — ніхто і брывом не павёў. Для мяне Камчатка — месца сілы. Во. Месца рамантыкаў і шукальнікаў прыгод.
Ты бачыў у жыцці ўсё? Ну дык язжай на Камчатку, паспрабуй дзікасць і аўтаномнасць, на прыродзе, без цывілізацыі, выключы тэлефон — і правер сябе.
Камчатка вучыць адкідваць непатрэбнае. Здымае шкарлупіну і шалупінне, дазваляе ўспомніць, хто ты ёсць насамрэч. Пытанне толькі ў тым, наколькі ты да гэтага гатовы.