Украінцы сталі выязджаць з Польшчы
Пакуль лічбы не вельмі значныя. У ліпені колькасць грамадзян Украіны, якія маюць статус часовай абароны ў Польшчы, зменшылася на 8,11 тыс. і складае 953,1 тыс.
Ілюстрацыйнае фота вясны 2022 года AP
Новыя даныя Еўрастата выразна сведчаць пра тое, што частка ўкраінскіх ваенных бежанцаў апошнім часам пакідае Польшчу, піша УНІАН са спасылкай на RMF24.
Толькі ў ліпені колькасць грамадзян Украіны, якія маюць статус часовай абароны ў Польшчы, зменшылася на 8,11 тыс. і складае 953,1 тыс. У чэрвені ж краіну пакінулі 6,3 тыс. грамадзян Украіны, якія карыстаюцца часовай абаронай ЕС.
У сваю чаргу, у Германіі ў чэрвені знаходзілася амаль 1,29 млн чалавек, якія карыстаюцца абаронай. У Чэхіі ж на канец чэрвеня іх было каля 381 тыс. чалавек. Менавіта Чэхія ўсё часцей становіцца выбарам украінскіх бежанцаў, якія вырашаюць з'ехаць з Польшчы.
Прыкметна, што высокія паказчыкі ў справаздачы за ліпень таксама зафіксаваныя ў Іспаніі (272,3 тыс.), Румыніі (219,4 тыс.) і Славакіі (149,0 тыс.).
Гэтыя звесткі паходзяць з апублікаванага абнаўлення базы даных Еўрастата аб асобах, якія карыстаюцца часовай абаронай, уведзенай у Еўрапейскім саюзе пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны, якая пачалася ў лютым 2022 года.