БЕЛ Ł РУС

У Непале праз дзевяць дзён пасля паводкі выратавалі двух рабочых ВІДЭА

4.09.2026 / 12:19

Nashaniva.com

Мужчын дасталі з тунэлю гідраэлектрастанцыі «Трышулі-3А» і даставілі ў бальніцу. Улады спадзяюцца выратаваць з-пад зямлі яшчэ каля 40 чалавек.

Двух рабочых знайшлі жывымі ў Непале праз дзевяць дзён пасля разбуральнай паводкі, паведамляе Бі-бі-сі.

Выратаваных завуць Санджай Шах і Кабір Махарджан. Іх даставілі ў бальніцу. Брат Кабіра Амір расказаў агенцтву AFP, што ўся сям’я вельмі шчаслівая.

«У мяне адлягло ад сэрца», — сказаў ён.

Пазней у тунэлі знайшлі цела яшчэ аднаго чалавека. Прадстаўнік Непальскага ўпраўлення электраэнергетыкі Сурэш Раут паведаміў, што апазнаць загінулага пакуль немагчыма.

«Падобна, што чалавек загінуў, трапіўшы ў паток вады, калі спрабаваў выбрацца з тунэля», — сказаў Раут.

Улады спадзяюцца выратаваць адтуль яшчэ каля 40 чалавек. Праходы заваленыя граззю і камянямі, таму ратавальнікам даводзіцца пракопваць новыя адтуліны, каб трапіць пад зямлю.

Раптоўная паводка ў Непале пачалася 26 жніўня. Паводле папярэдняй версіі, яе выклікаў абвал ледавіка ў Гімалаях на мяжы Непала і Кітая. Паток вады, лёду і камянёў знішчаў паселішчы, масты і гідраэнергетычныя аб’екты.

Паводле апошніх звестак непальскага агенцтва па надзвычайных сітуацыях, знойдзеныя целы 1287 чалавек, яшчэ 5083 лічацца зніклымі без вестак. Вайскоўцы паведамляюць, што пасля паводкі ўдалося выратаваць больш за 400 грамадзян Непала і 270 замежнікаў.

Чытайце таксама:

«Шанцы ёсць заўсёды». Сястра беларускі Кацярыны Саковіч, якая знікла ў Непале, расказала, як ідуць яе пошукі

У непальскай катастрофе цудам ацалеў бірузовы дом, на які абрынуўся селевы паток. Як яму гэта ўдалося?

«Мы павінны былі ехаць гэтым жа маршрутам». Беларус цудам пазбег катастрофы ў Непале і страціў там сябра

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

У Непале пасля разбуральнага апоўзня зніклі сотні турыстаў, дзясяткі загінулых

Каментары да артыкула