БЕЛ Ł РУС

Беларускіх лыжнікаў і сноўбардыстаў дапусцілі да міжнародных спаборніцтваў, але толькі ў нейтральным статусе

2.09.2026 / 16:33

Nashaniva.com

Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і сноўборда (FIS) вызначыла правілы ўдзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах у сезоне 2026/27.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Беларускія і расійскія лыжнікі, сноўбардысты, а таксама іх абслуговы персанал змогуць выступаць у індывідуальных спаборніцтвах у нейтральным статусе. Для гэтага яны павінны падпісаць дэкларацыю аб нейтралітэце і выконваць устаноўленыя FIS патрабаванні. За парушэнні прадугледжаныя санкцыі.

На спаборніцтвах нельга будзе выкарыстоўваць дзяржаўную сімволіку — сцягі, гімны і форму з адпаведнай атрыбутыкай. Таксама ўдзельнікі павінны выконваць усе антыдопінгавыя правілы.

Рашэнне распаўсюджваецца на горныя лыжы, лыжныя гонкі, скачкі з трампліна, лыжнае дваябор'е, фрыстайл і сноўборд.

Пасля пачатку вайны ў 2022 годзе МАК рэкамендаваў не дапускаць беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў, што прывяло да амаль поўнай ізаляцыі спорту дзвюх краін. У 2023 годзе МАК прапанаваў дазваляць удзел асобным спартсменам пры выкананні пэўных умоў, а ў маі 2026 года ўжо заявіў, што больш не рэкамендуе абмежаванні для беларускіх спартсменаў, у тым ліку камандаў.

Пасля гэтага шэраг міжнародных спартыўных федэрацый пачаў вяртаць беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін.

Чытайце таксама:

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

Міжнародная федэрацыя каноэ зніме ўсе абмежаванні з беларусаў

Міжнародная федэрацыя хакея на траве зняла абмежаванні з беларускіх каманд

Каментары да артыкула