Адзін з падазраваных у атацы на аэрапорт Лейпцыга — мужчына з Беларусі
Пасля інцыдэнту з беспілотнікам з выбухоўкай у аэрапорце Лейпцыга 4 жніўня следчыя высветлілі асобы двух падазраваных.
Дрон з выбухоўкай знайшлі ў ноч на 5 жніўня каля паўднёвай узлётна-пасадачнай паласы аэрапорта Лейпцыг/Гале — паблізу ўкраінскага транспартнага самалёта. Спецыялісты абясшкодзілі прыладу, ніхто не пацярпеў.
На час аперацыі абедзве паласы аэрапорта закрывалі, некалькі рэйсаў перанакіравалі.
Асобы двух падазраваных устанавілі нямецкія следчыя, паведамляюць Süddeutsche Zeitung, NDR і WDR. Паводле даных гэтых выданняў, гаворка ідзе пра выхадца з Расіі з латвійскім пашпартам і мужчыну з Беларусі з расійскім пашпартам. Іншыя падрабязнасці пра мужчын і іх ролю ў падрыхтоўцы атакі пакуль не раскрываюцца.
Міністр унутраных спраў Германіі Аляксандр Добрынт 1 верасня заявіў, што за спробай нападу стаіць Масква.
«Паліцэйскае расследаванне, характар злачынства і звесткі разведкі даказваюць адказнасць Расіі за спробу нападу ў аэрапорце Лейпцыга», — сказаў ён.
Аэрапорт Лейпцыг/Гале — адзін з найважнейшых грузавых авіяцыйных вузлоў Еўропы. Ён таксама выкарыстоўваецца для перавозкі вайсковых грузаў і дапамогі Украіне, таму нямецкія ўлады разглядаюць здарэнне як магчымую расійскую гібрыдную аперацыю. Расія сваю датычнасць адмаўляе.