БЕЛ Ł РУС

Лоеўскі суд прызнаў «экстрэмісцкім» тыкток праўладнага блогера

2.09.2026 / 15:01

Nashaniva.com

У сваіх роліках Андрэй Нікіцін падтрымлівае Лукашэнку і нападае на апазіцыю і краіны Захаду. 

Блогер Андрэй Нікіцін абараняе Лукашэнку, крытыкуе апазіцыю і Захад, а дзяржаўная прэса ставіць яго ў прыклад. Аднак суд Лоеўскага раёна занёс яго акаўнт у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі тыкток-акаўнта «Тот самый Белорус» суд Лоеўскага раёна прыняў 31 жніўня. На гэта звярнуў увагу рэсурс «Витебск, я гуляю!».

Старонка належыць Андрэю Нікіціну з Мазырскага раёна. На момант прызнання экстрэмісцкай яна мела 37,3 тысячы падпісчыкаў.

У сваіх роліках Нікіцін падтрымлівае Лукашэнку, нападае на апазіцыю і краіны Захаду, а таксама паўтарае афіцыйную версію падзей 2020 года.

У лютым 2024 года дзяржаўная «СБ» прысвяціла Нікіціну вялікі хвалебны матэрыял. Блогера называлі «байцом інфармацыйнага фронту», «нязломным і бескампрамісным» і расказвалі, як ён дапамагае фарміраваць інфармацыйны парадак дня.

Магчыма, суд і пракуратуру збілі з панталыку іранічныя загалоўкі яго ролікаў: «Як рэжым Лукашэнкі здзекуецца з беларусаў», «Давёў Лукашэнка Беларусь», «Як беларусы жывуць у такой дыктатуры». Самі відэа пры гэтым усхваляюць беларускія ўлады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула