БЕЛ Ł РУС

Беларуска адправіла сына на летнія канікулы ў Чалябінск. А бабуля вырашыла не вяртаць дзіця

29.08.2026 / 10:18

Nashaniva.com

Расійскі суд стаў на бок бабулі. Але не спяшайцеся асуджаць.

Чалябінск. Фота: pravda.ru

Жыхарка Беларусі Вольга Панова больш за год спрабавала вярнуць сына, які паехаў да бабулі Галіны на летнія канікулы ў Чалябінск і не вярнуўся дадому. Калінінскі раённы суд Чалябінска ўрэшце вырашыў, што дзіця вяртаць не трэба.

Вольга, ейны муж Уладзімір і сын Іван жылі ў Беларусі. Пасля разводу бацькі дамовіліся, што хлопчык застаецца з маці. Бацька ж паехаў у Расію па месцы сваёй рэгістрацыі. Улетку 2024 года, пасля заканчэння навучальнага года, сын паехаў на канікулы ў Чалябінск да бабулі па бацькавай лініі. Маці купіла яму зваротны білет, але дзіця дадому не вярнулася.

Расійскія ўлады прызначылі бабулю апякункай Івана. Вольга сцвярджае, што пра гэта ёй ніхто не паведаміў і што з дакументам яна змагла азнаёміцца толькі ў судзе ў 2025 годзе, калі прыехала ў Чалябінск з Беларусі — бабуля Галіна тым часам падала пазоў пра прызнанне хлопчыка дзіцем, якое засталося без апекі бацькоў.

У бабулі свая праўда — яна патлумачыла, што Вольга і Уладзімір — сведкі Іеговы. Гэта рэлігійная арганізацыя забароненая ў Расіі як экстрэмісцкая, але легальна дзейнічае ў Беларусі.

Па словах бабулі, унук сцвярджаў, што часта прапускаў заняткі ў школе, бо замест іх ездзіў на сходы і кангрэсы, што выкананне хатніх заданняў замянялася чытаннем Бібліі, а зносіны з аднагодкамі не віталіся; на адкрытае нежаданне ўдзельнічаць у справах суполкі бацькі, паводле яго слоў, рэагавалі «аўтарытарнасцю ці нават фізічным гвалтам».

Цяпер бабуля, якая працуе бухгалтаркай, жыве з унукам. Падлетак вучыцца ў прыватнай школе, наведвае гурток радыётэхнікі і піша карціны ў стылі імпрэсіянізму. Спецыялісту ўпраўлення ён паведаміў, што падзяляе лад жыцця, які забяспечвае яму бабуля, а пры згадцы пра бацькоў «імкнуўся звесці размову да мінімуму».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула