На Дзень горада ў Гродне правядуць фестываль ліхтарыкаў
Адным з самых яркіх мерапрыемстваў двухдзённай праграмы святкавання Дня горада ў Гродне мае стаць Фестываль ліхтарыкаў. Ён адбудзецца ўвечары 4 верасня ў Швейцарскай даліне па абодва бакі моста на вуліцы Ажэшкі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Жыхары і госці Гродна змогуць апусціць на ваду запаленыя ліхтарыкі ў выглядзе лотасаў і кубоў, загадваць жаданні і назіраць, як на воднай паверхні загараюцца сотні цёплых агеньчыкаў.
Асаблівай часткай афармлення стане вялікі святлівы Месяц, усталяваны непасрэдна на вадзе. Гэты арт-аб’ект, як чакаецца, стане адной з галоўных фотазон свята.
З 20:00 святочную атмасферу дапоўніць музычная праграма з удзелам навучэнцаў дзіцячых музычных школ горада.
Фестываль стане часткай вялікай праграмы, прымеркаванай да Дня горада. 4 і 5 верасня ў Гродне таксама запланаваныя канцэрты, фестывалі і іншыя святочныя мерапрыемствы. Сярод галоўных падзей — выступленне расійскага спевака МОТа на плошчы Леніна, Сырны фестываль, вялікая канцэртная праграма і святочны феерверк у 22:00.
Чытайце таксама:
Стала вядома, хто будзе хэдлайнерам на мінскім канцэрце да Дня горада
Хэдлайнерам на Дні горада ў Гродне будзе расійскі рэпер МОТ
Расійскія z-артысты, руская мова на афішах. У што ператварыліся фестывалі ў старажытным Навагрудку