БЕЛ Ł РУС

Толькі палова беларусаў вяртаюцца з адпачынку адпачыўшы

28.08.2026 / 18:29

Nashaniva.com

Паводле апытання сэрвісу rabota.by, 56% беларусаў лічаць, што сапраўды адпачываюць падчас адпачынку. Аднак 43% рэспандэнтаў прызналіся, што нават у гэты перыяд ім даводзіцца займацца працоўнымі пытаннямі, піша Myfin.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Анлайнер»

Узяць адпачынак у любы зручны час па ўзгадненні з кіраўніком могуць 42% апытаных. Яшчэ 37% арыентуюцца на загадзя зацверджаны графік. Для 16% супрацоўнікаў нават некалькі вольных дзён арганізаваць даволі складана.

Адпачынак лепш дапамагае аднаўляцца маладым людзям. Сярод рэспандэнтаў ва ўзросце 14—25 гадоў 70% адзначылі, што вяртаюцца з адпачынку адпачыўшы. У групе 26—45 гадоў такіх 49%, а сярод людзей ва ўзросце ад 46 гадоў — толькі 41%.

Пры гэтым не ўсе могуць адразу пераключыцца з працы на адпачынак. 52% апытаных адчуваюць сябе свабоднымі ад працоўных спраў ужо пасля заканчэння апошняга працоўнага дня. Яшчэ 27% патрабуецца дзень-два, а 18% — ад трох да чатырох дзён.

43% рэспандэнтаў паведамілі, што ім даводзілася выконваць працоўныя задачы падчас адпачынку. Найчасцей гэта звязана са спецыфікай працы — так адказалі 33% тых, хто працаваў падчас адпачынку. Яшчэ 21% дапамагалі калегам, а 18% заявілі, што працаваць іх прымушала кіраўніцтва.

Для 8% выкананне некалькіх задач падчас адпачынку не з'яўляецца праблемай — ім падабаецца рабіць гэта ў больш спакойным тэмпе. 6% прызналіся, што ім сумна ў адпачынку, а 5% не паспелі завяршыць усе справы перад яго пачаткам.

Пасля вяртання на працу 48% апытаных адчуваюць цяжкасці з адаптацыяй, а 52% пераходзяць да працоўнага рытму без асаблівых праблем.

Сярод асноўных прычын складанай адаптацыі — неабходнасць зноў рана ўставаць, якую назвалі 52% рэспандэнтаў. 43% адзначылі цяжкасці з хуткім уключэннем у тэрміновыя справы, а 39% — вялікую колькасць назапашаных лістоў, званкоў і іншых задач.

Апытанне правялі ў пачатку жніўня 2026 года. У ім узялі ўдзел 692 чалавекі ва ўзросце ад 14 гадоў.

Чытайце таксама:

Беларусы сталі часцей ездзіць на Мальдывы летам

Рыжанкоў паляцеў адпачываць у КНДР

«Заўсёды хочацца больш». Як трацяць грошы беларусы з заробкам 5—6 тысяч рублёў

Як беларусы адпачылі на круізным лайнеры за 7300 еўра

Мінчук зламаў шыю падчас адпачынку ў Пружанах

Каментары да артыкула