БЕЛ Ł РУС

У Іспаніі за чатыры хвіліны скралі Скарб Вільены — унікальныя залатыя вырабы бронзавага веку, адзіныя такія ў свеце

27.08.2026 / 19:49

Ф. Раўбіч

Аперацыя па выкраданні аднаго з найвялікшых помнікаў дагістарычнай эпохі была бліскуча спланаваная. Зламыснікі адцягнулі ўвагу паліцыі фальшывым выклікам і за лічаныя хвіліны абчысцілі музейныя вітрыны. Гэта ўжо трэці напад на каштоўныя калекцыі ў Іспаніі за паўгода.

Залатыя чашы і масіўныя бранзалеты Скарба Вільены да рабавання. Агульная вага каштоўнага металу складае амаль дзесяць кілаграмаў, але навуковая і гістарычная каштоўнасць гэтых прадметаў невымерна большая за рыначны кошт золата. Фота: Villena Turismo

Дзёрзкае рабаванне адбылося пад раніцу 27 жніўня ў Музеі Вільены, што ў іспанскай правінцыі Алікантэ. Як паведамляе выданне El País, злачынцы прадэманстравалі кінематаграфічны ўзровень падрыхтоўкі, правёўшы ўсю аперацыю менш як за чатыры хвіліны.

Спачатку яны адцягнулі ўвагу паліцыі праз спрацоўванне сігналізацыі ў муніцыпальным спартыўным комплексе на ўскраіне горада. Пакуль паліцыя імчала на фальшывы выклік, рабаўнікі разбілі бакавыя вокны музея, прайшлі скрозь браніраванае шкло і ачысцілі галоўную вітрыну.

Здабычай марадзёраў стаў так званы Скарб Вільены — найбуйнейшы збор залатых вырабаў эпохі бронзы на Пірэнейскім паўвостраве і другі па значнасці ва ўсёй Еўропе пасля знаходак з грэчаскіх Мікен.

Брытанская газета The Guardian удакладняе, што скарб быў створаны каля трох тысяч гадоў таму і складаецца з масіўных залатых бранзалетаў, чаш і дэкаратыўных элементаў. Чыстая вага каштоўнага металу набліжаецца да дзесяці кілаграмаў.

Разам з дагістарычнымі артэфактамі зніклі і тры пазнейшыя кароны мясцовай святыні Дзевы Марыі. Пры гэтым срэбраныя пасудзіны і ўнікальныя артэфакты з метэарытнага жалеза зламыснікі ў спешцы пакінулі на месцы.

Умацаваная вітрына, у якой экспанаваліся рэчы са скарбу Вільены. Фота: Ayuntamiento de Villena

У 1963 годзе звычайны будаўнік знайшоў у жвіры дзіўны металічны прадмет і аддаў яго кіраўніку будоўлі з думкай, што гэта проста дэталь ад грузавіка. Толькі пасля таго, як жонка іншага рабочага аднесла бранзалет да ювеліра, да справы далучыўся археолаг Хасэ Марыя Салер. Менавіта ён ініцыяваў раскопкі ў перасохлым рэчышчы каля Вільены, дзе і быў знойдзены старажытны гаршчок з незлічонымі багаццямі дагістарычнай эліты.

Мэр горада Фульхенсіа Сердан са слязамі на вачах канстатаваў журналістам, што страта — гэта катастрофа для ўсяго рэгіёна.

Рабаванне ў Вільене не адзінкавы выпадак у краіне. Як адзначае агенцтва Euronews, у Іспаніі гэта ўжо трэці маштабны напад на гістарычныя калекцыі за апошнія чатыры месяцы. Раней высокапрафесійныя групоўкі літаральна за пару хвілін абчысцілі нумізматычныя зборы ў Бадахосе і Альбасэтэ. Еўрапал б'е трывогу — у Еўропе з’явіліся новыя крымінальныя сеткі, якія спецыялізуюцца выключна на крадзяжы культурных артэфактаў і дзейнічаюць з беспрэцэдэнтнай хуткасцю і гвалтам.

Ачэплены паліцыяй будынак Музея Вільены. Хуткасць аперацыі сведчыць пра дасканалае веданне злачынцамі ўнутраных сістэм бяспекі і наяўнасць дакладнага плана дзеянняў. Фота: EPA

Галоўная страта для Іспаніі зусім не ў грашах ці ў іміджы. Калі карціны выбітных мастакоў ці антычныя статуі звычайна крадуць дзеля перапродажу на чорным рынку ў прыватныя калекцыі сапраўдных знаўцаў, то вырабы з каштоўных металаў часта чакае куды больш празаічны і варварскі лёс.

Існуе вялікая рызыка, што ўнікальная спадчына еўрапейскай цывілізацыі, якая шчасліва перажыла ў зямлі тры тысячагоддзі і змену дзясяткаў імперый, будзе проста расплаўленая ў зліткі дзеля хуткай нажывы сучасных марадзёраў. Пытанне цяпер толькі ў тым, ці паспее іспанская паліцыя апярэдзіць плавільную печ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула