Веданне чатырох моў можа амаладзіць мозг на 13 гадоў
Навукоўцы выявілі цікавую заканамернасць: чым багацейшы моўны досвед чалавека, тым павольней могуць адбывацца ўзроставыя змены ў яго мозгу. Значэнне маюць не толькі колькасць вывучаных моў, але і ўзрост пачатку навучання, а таксама ўзровень валодання імі.
Выява: vecteezy
Як паведамляе Science Daily, навукоўцы знайшлі яшчэ адзін аргумент на карысць вывучэння замежных моў. Даследаванне, прадстаўленае на форуме Федэрацыі еўрапейскіх таварыстваў неўралогіі (FENS) 2026 года, паказала сувязь паміж шматмоўнасцю і больш павольным старэннем мозгу. Прычым чым больш моў ведаў чалавек, тым больш прыкметным быў гэты эфект.
У даследаванні ўдзельнічалі жыхары Краіны Баскаў у Іспаніі, якія валодалі ад адной да чатырох моў у розных спалучэннях — іспанскай, баскскай, французскай і англійскай.
Спачатку даследчыкі прааналізавалі даныя 728 чалавек і стварылі своеасаблівы «гадзіннік старэння мозгу». Для гэтага яны выкарыстоўвалі магнітаэнцэфалаграфію — метад, які рэгіструе вельмі слабыя магнітныя палі, што ўзнікаюць падчас актыўнасці нервовых клетак.
Затым з дапамогай штучнага інтэлекту навукоўцы прааналізавалі асаблівасці мазгавой актыўнасці людзей рознага ўзросту. Так яны змаглі вызначыць, якія мадэлі сувязяў у мозгу звычайна характэрныя для таго ці іншага перыяду жыцця.
Атрыманы «гадзіннік» праверылі на асобнай групе са 144 чалавек. Для кожнага ўдзельніка даследчыкі разлічылі меркаваны «ўзрост мозгу» і параўналі яго з рэальным узростам чалавека.
Больш моў — маладзейшы мозг
Вынікі паказалі выразную залежнасць. У людзей, якія валодалі дзвюма мовамі, мозг выглядаў прыкладна на шэсць гадоў маладзейшым, чым у аднамоўных удзельнікаў. Для тых, хто гаварыў на трох мовах, розніца складала каля сямі гадоў. А ў людзей з чатырма мовамі яна дасягала прыкладна 13 гадоў.
Эфект быў звязаны не толькі з колькасцю моў. Больш высокі ўзровень валодання мовай і яе ранняе засваенне таксама карэлявалі з запаволеннем старэння мозгу. Гэта сведчыць аб тым, што вопыт шматмоўя працуе як градыент: важная не проста білінгвальнасць як факт, а глыбіня і працягласць гэтага моўнага вопыту.
Фота: pixabay.com
Пры аналізе вынікаў улічвалі ўзрост, пол і адукацыю ўдзельнікаў. Тым не менш даследаванне пакуль паказвае толькі сувязь і не даказвае, што менавіта веданне некалькіх моў непасрэдна запавольвае старэнне мозгу.
На яго стан могуць уплываць і іншыя асаблівасці жыцця шматмоўных людзей — напрыклад, сацыяльная актыўнасць, лад жыцця і тое, наколькі часта чалавеку даводзіцца вырашаць складаныя інтэлектуальныя задачы.
Цяпер навукоўцы хочуць высветліць, ці назіраецца падобны эфект у людзей з нейрадэгенератыўнымі захворваннямі, у тым ліку з хваробай Альцгеймера. Яны таксама плануюць праверыць, ці мае значэнне падабенства моў. Магчыма, пастаяннае пераключэнне паміж блізкімі мовамі патрабуе ад мозгу большага кантролю, бо яму даводзіцца выбіраць паміж падобнымі словамі і моўнымі сістэмамі.
Чытайце таксама:
Чаму білінгвы могуць мець перавагу ў памяці — новае даследаванне