БЕЛ Ł РУС

У Купалаўскім тэатры расійскія рэжысёры правядуць творчую лабараторыю, у якой абяруць спектакль для рэпертуару

25.08.2026 / 08:47

Nashaniva.com

«Гэта элемент эксперыментальнага прачытання, новы подых».

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пачаўся творчы праект «Купала. Лабараторыя», піша Белта. На працягу тыдня артысты тэатра разам з трыма расійскімі рэжысёрамі створаць тры эскізы спектакляў.

30 жніўня іх пакажуць гледачам, якія, як абяцаюць, змогуць выбраць упадабаны эскіз для далейшага ўключэння ў рэпертуар тэатра.

Праект стартаваў 24 жніўня. Пра яго журналістам распавёў генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Аляксандр Шастакоў.

«Мы запрашаем майстроў сваёй справы, і важна, каб, акрамя нашых рэжысёраў, было іншае бачанне беларускай драматургіі. Гэта элемент эксперыментальнага прачытання, новы подых, які дазваляе нават нашым артыстам па-іншаму паглядзець на ўсім знаёмы матэрыял», — сказаў Шастакоў.

Кіруе лабараторыяй расійскі тэатральны крытык Аляксандр Віслаў. Ён кажа, што ў Расіі такі фармат лабараторыі шырока распаўсюджаны, але для Купалаўскага тэатра гэта першы падобны эксперымент.

«Мы правялі вялікі адбор рэжысёраў разам з мастацкім кіраўніком тэатра. Выбралі трох яркіх майстроў, якія ўмеюць знаходзіць падыход да артыстаў і раскрываць іх патэнцыял», — сказаў ён.

Эскізы спектакляў будуць ствараць з дэкарацыямі і касцюмамі Купалаўскага тэатра, а ролі будуць выконваць ягоныя артысты.

Усе тры эскізы пакажуць на беларускай мове.

Расійскі рэжысёр Андрэй Шляпін выбраў для пастаноўкі п’есу Мікалая Матукоўскага «Мудрамер».

«Пакуль невядома, што атрымаецца ў выніку. На мой погляд, твор дакладна трапляе ў актуальную тэму пошуку адказу на пытанне «хто я?». Сапраўды неабходна перыядычна задаваць сабе гэтае пытанне. Гэта вечная тэма знаходжання чалавека ў прасторы і сацыяльных пластах», — сказаў Шляпін.

Расійская рэжысёрка Марыя Раманава працуе з п’есай Янкі Купалы «Раскіданае гняздо».

Паводле Раманавай, праца з беларускім матэрыялам мае і асабістае значэнне: яе бабуля была родам з Рагачова.

«Падарожжа ў Беларусь аказалася надзвычай значным для мяне, бо мая бабуля родам з Рагачова. Інтуітыўна я выбрала для пастаноўкі твор Янкі Купалы, і ў працэсе яго прачытання ён мяне моцна зачапіў. П’еса цяжкая, але вельмі паэтычная. Мне важна знайсці эквівалент трагічнасці, каб перавесці яе на больш духоўны ўзровень, які тычыцца пытання прыняцця такога лёсу. Я імкнуся знайсці ў гэтым прыгажосць», — сказала рэжысёрка.

Трэцюю пастаноўку — паводле п’есы Францішка Аляхновіча «Чорт і баба» — рыхтуе заслужаны артыст Расіі Аляксандр Агароў.

Ён прызнаўся, што раней не ведаў Францішка Аляхновіча.

«Раней я не ведаў гэтага драматурга, і мяне ўразіў яго трагічны лёс. Мне падалося, што «Чорт і баба» — гэта не проста нейкая «забаўная штучка». У творы ёсць размова пра сапраўднае, якое датычыць усіх нас», — распавёў Агароў.

30 жніўня гледачы ўбачаць усе тры эскізы і, паводле кіраўніцтва тэатра, змогуць выбраць эскіз, які ў далейшым можа ўвайсці ў рэпертуар Купалаўскага тэатра.

У тэатры называюць гэта называюць магчымасцю па-іншаму паглядзець на знаёмы беларускі матэрыял.

Нагадаем, пасля разгрому старой купалаўскай трупы ў 2020‑м у тэатр запрашаюць расійскія кадры — як акцёраў, так і рэжысёраў, якія не ведаюць ні беларускай культуры, ні беларускай мовы. А зверху над імі паставілі адміністрацыйна-сілавы кантроль.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула