Пасярэдзіне ракі — трава. Сож у Гомелі таксама моцна абмялеў
У Гомелі жыхары звярнулі ўвагу на незвычайна моцнае абмяленне Сожа. Некаторыя адзначаюць, што за апошнія дзесяць гадоў не бачылі ракі ў такім стане — месцамі пасярод рэчышча ўжо расце трава, а перад мостам каля аграгарадка Бабовічы ўтварыўся невялікі востраў, піша выданне «Штодзень».
Фота: threads.com/@helen_angele
Паводле звестак сайта Allrivers, 24 жніўня ўзровень вады ў Сожы ў Гомелі складаў мінус 15 см адносна нулявога ўзроўню паста. За апошнія суткі вада апусцілася яшчэ на 1 см.
Звычайна ў гэты перыяд узровень складае каля плюс 40 см. Ніжэйшы паказчык у гэты дзень фіксавалі толькі ў 2015 годзе — мінус 25 см.
Фота: threads.com/@helen_angele
Паводле інфармацыі Белгідрамета, яшчэ з 20 жніўня ўзровень Сожа ў Гомелі знаходзіцца ніжэй за адзнаку, неабходную для суднаходства.
Фота: threads.com/@helen_angele
Жыхары рэгіёну таксама паведамляюць пра значнае абмяленне іншых рэк. Кажуць, што падобная сітуацыя назіраецца ў Дняпры каля Рэчыцы і ў Прыпяці. Пры гэтым некаторыя наракаюць, што рэчышчы даўно не чысцяць.