БЕЛ Ł РУС

Мужчына з перапою прачнуўся ў разгромленай кватэры і пайшоў у міліцыю

24.08.2026 / 21:55

Nashaniva.com

У міліцыю звярнуўся жыхар Мінска, які раніцай пабачыў у сваёй кватэры сапраўдны разгром. На кухні былі рассыпаныя крупы, з халадзільніка зніклі прадукты, а ў ванным і дзіцячым пакоях было поўнае бязладдзе. Акрамя таго, прапалі рэчы і грошы.

Мужчына расказаў, што ягоныя жонка і дачка на выхадныя паехалі за горад. Сам ён увечары ўжываў алкаголь, але добра памятаў, што перад сном дома ўсё было ў парадку.

На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Неўзабаве высветлілася, што частка скрадзеных рэчаў знаходзілася проста ў пад'ездзе: на розных паверхах ляжалі касметыка, адзенне і посуд, якія належалі сям'і пацярпелага.

Аператыўнікі ўстанавілі, што ноччу ў кватэру пранікла 46‑гадовая суседка гаспадара. Раней яна бывала ў гэтай сям'і ў гасцях, таму ведала планіроўку кватэры і дзе знаходзяцца каштоўныя рэчы.

Жанчына скарысталася з таго, што мужчына заснуў і не замкнуў дзверы. Яна проста націснула на ручку дзвярэй, зайшла ў кватэру і забрала з тумбачкі 1200 рублёў. Акрамя грошай, яна забрала прадукты, цёплую вопратку, каструлю і бытавую хімію.

Аднак ужо ў пад'ездзе зладзейка пачула крокі і спалохалася. Яна кінула скрадзеныя рэчы на лесвіцы, а грошы схавала. Патраціць іх жанчына не паспела — неўзабаве яе затрымалі.

Па факце крадзяжу распачалі крымінальную справу. Цяпер жанчыне давядзецца кампенсаваць пацярпелай сям'і нанесеную шкоду.

Чытайце таксама:

На Магілёўшчыне чацвёра мужчын кралі паліва з дызель-цягніка

Пад Гомелем мужчына пасля пахавання брата пайшоў у краму красці

Мінчанін аплаціў студэнтцы праязны на ўсе віды транспарту, але даведаўся пра гэта з SMS

Каментары да артыкула