Не атрымліваецца заснуць? Дапамагчы можа перасадка калу
У людзей, якія пакутуюць ад бессані, можа з’явіцца даволі незвычайны спосаб палепшыць сон. Кітайскія навукоўцы выявілі, што перасадка кішачнай мікрабіёты ад здаровых донараў патэнцыйна можа дапамагчы пры хранічных праблемах са сном. З падрабязнасцямі знаёміць New York Post.
Бессань можа ўзнікаць па розных прычынах — ад стрэсу і штодзённых звычак да парушэння рэжыму сну і праблем са здароўем. Аднак апошнія даследаванні паказваюць, што на якасць сну можа ўплываць і кішачны мікрабіём.
Адным са спосабаў змяніць яго склад з'яўляецца трансплантацыя фекальнай мікрабіёты (ТФМ), або перасадка фекалій. Падчас такой працэдуры мікраарганізмы з кішэчніка здаровага донара пераносяць у арганізм іншага чалавека. У некаторых выпадках для гэтага выкарыстоўваюць капсулы з донарскай мікрабіётай.
Такія капсулы ўжо вывучаюць як патэнцыйны сродак для лячэння розных захворванняў. Цяпер кітайскія навукоўцы праверылі, ці можа ТФМ дапамагчы і людзям з хранічнай бессанню.
У невялікім даследаванні прынялі ўдзел 80 дарослых, якія доўгі час пакутавалі ад бессані. Палова з іх атрымала капсулы з кішачнымі бактэрыямі, вылучанымі з узораў донарскага калу здаровых людзей, якія добра спалі. Іншай палове давалі плацэба.
Перад гэтым удзельнікі асноўнай групы на працягу двух дзён прымалі антыбіётыкі, каб паменшыць колькасць уласных кішачных бактэрый. Затым яны атрымалі 60 капсул з донарскай мікрабіётай, а праз два тыдні — яшчэ 20.
Якасць сну даследчыкі ацэньвалі з дапамогай палісамнаграфіі. Падчас такога абследавання рэгіструюцца мазгавыя хвалі, рухі вачэй, сэрцабіцце, узровень кіслароду і дыханне чалавека.
Прэпарат фекальнай мікрабіёты. Фота: AP Photo / Steven Senne
Праз месяц эфектыўнасць сну ў групе, якая атрымала ТФМ, вырасла прыкладна з 79% да 93%. Гэты паказчык азначае долю часу, якую чалавек сапраўды спіць, знаходзячыся ў ложку. У групе плацэба змены былі значна меншымі — прыкладна з 85% да 87%.
Яшчэ больш прыкметнай аказалася розніца ў начных абуджэннях. У пацыентаў пасля перасадкі мікрабіёты час няспання пасля засынання скараціўся ў сярэднім з 79 да 17 хвілін. У групе плацэба ён, наадварот, крыху павялічыўся — з 37 да 42 хвілін.
Адно з магчымых тлумачэнняў такога эфекту звязана з так званай воссю «кішэчнік — мозг». Кішачныя мікраарганізмы выпрацоўваюць рэчывы, якія могуць трапляць праз кроў у мозг і ўплываць на запаленчыя працэсы, рэакцыю арганізма на стрэс і рэгуляцыю цыклаў сну і няспання.
Пры гэтым удзельнікі, якія атрымалі ТФМ, паведамлялі пра паляпшэнне сну нават праз шэсць месяцаў пасля працэдуры.
Нягледзячы на абнадзейлівыя вынікі, даследаванне мае шэраг абмежаванняў. У ім удзельнічалі толькі 80 чалавек, а аб'ектыўна якасць іх сну ацэньвалі толькі адзін раз — праз месяц пасля пачатку лячэння. Акрамя таго, перад трансплантацыяй удзельнікі прымалі антыбіётыкі, таму пакуль складана дакладна вызначыць, якую ролю ў паляпшэнні сну адыграла менавіта донарская мікрабіёта.
Застаецца і пытанне аб прычынна-выніковай сувязі: ці могуць змены ў кішачным мікрабіёме спрыяць бессані, ці, наадварот, парушэнні сну самі змяняюць яго склад.
Таму неабходныя далейшыя даследаванні, каб лепш зразумець механізм гэтай сувязі. Пакуль жа трансплантацыя фекальнай мікрабіёты застаецца эксперыментальным метадам лячэння бессані.
Чытайце таксама:
Навукоўцы адкрылі нечаканы эфект звычайнага слабіцельнага
Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе