БЕЛ Ł РУС

Дачнік з-пад Гомеля падаў у суд на суседа за тое, што той трымае пеўняў. І нават падлічыў, як часта яны кукарэкаюць

24.08.2026 / 17:59

Nashaniva.com

У 2025 годзе ў Гомельскім раёне разгарэўся незвычайны канфлікт паміж суседзямі з садовага таварыства. 55‑гадовы ўладальнік двух участкаў звярнуўся ў суд з патрабаваннем забараніць суседу трымаць пеўняў, бо іх гучнае кукарэканне, маўляў, перашкаджала яму і ягонай сям’і адпачываць, паведамляе «Гродзенская праўда».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Сусед, 75‑гадовы пенсіянер, трымаў на пляцы 20 курэй і двух пеўняў. Да курэй у пазоўніка прэтэнзій не было, а вось пеўні, паводле яго слоў, былі занадта галасістыя. Мужчына нават палічыў, што ў адзін з дзён з 12‑й да 16‑й гадзіны птушкі пракукарэкалі 108 разоў.

Спачатку маці пазоўніка звярнулася ў міліцыю, але падчас праверкі парушэнняў не знайшлі і параілі вырашаць пытанне праз суд. У сваёй заяве мужчына спаслаўся на правілы для садовых таварыстваў, паводле якіх жывёл можна трымаць на ўчастку, калі яны не перашкаджаюць адпачынку суседзяў. Для ўтрымання птушак таксама патрабуецца пісьмовая згода ўладальнікаў сумежных участкаў.

Аднак падчас разгляду высветлілася, што ўчасткі мужчын нават не мяжуюць непасрэдна. Паміж імі знаходзіцца трохметровая меліярацыйная канава. Птушнік адказчыка размяшчаўся за 21 метр ад канавы, а ад канавы да плота пазоўніка было яшчэ 25 метраў. Такім чынам, паміж участкамі было каля 49 метраў. Акрамя таго, уладальнік птушак атрымаў неабходную пісьмовую згоду ад гаспадароў сапраўды сумежных пляцаў.

Пенсіянер патлумачыў, што амаль увесь год жыве на лецішчы з жонкай, а свойскія яйкі яму неабходныя з прычыны стану здароўя. Пеўні патрэбныя яму для падтрымання пагалоўя курэй.

Да разгляду спрэчкі па сутнасці справа так і не дайшла. Да судовага пасяджэння пеўняў на надзеле адказчыка ўжо не было, таму прадстаўніца пазоўніка адмовілася ад пазову і ад патрабавання кампенсаваць судовыя выдаткі. Пенсіянер супраць спынення справы не пярэчыў.

Чытайце таксама:

Стартавала галасаванне за птушку Беларусі 2027 года

У гомельскім парку кот упаляваў вавёрку ВІДЭА

На пляжы пад Браславам сфатаграфавалі вельмі рэдкую птушку

«Крамнае ніколі не заменіць сваё». Жыхарка Мінскага раёна трымае на сваім падворку цэлую сотню птушак

Каментары да артыкула