БЕЛ Ł РУС

У беларускіх крамах з’явіліся айчынныя брокалі і кветкавая капуста

22.08.2026 / 22:10

Nashaniva.com

У крамах Беларусі пачалі прадаваць брокалі і кветкавую капусту, вырашчаныя ў нашай краіне. Эксперыментальны ўраджай атрымалі ў сельгаспрадпрыемстве «Васілішкі» ў Шчучынскім раёне, паведамілі ў эфіры СТБ.

Фота ілюстрацыйнае

Вырошчваць гэтыя культуры прадпрыемства вырашыла па прапанове буйной гандлёвай сеткі. Пад эксперымент адвялі 50 сотак зямлі.

Аднак вырошчванне брокалі і кветкавай капусты было для аграрыяў няпростай задачай. Гэтыя культуры патрабуюць значна больш вады, чым звычайная белакачанная капуста. Акрамя таго, насенне спачатку высаджвалі ў цяпліцы ў маі, а пасля пацяплення расаду пераносілі ў адкрыты грунт.

Падчас першага збору аграрыі атрымалі каля 300 кілаграмаў прадукцыі. Пры гэтым суквецці спеюць нераўнамерна, таму ўраджай збіраюць паступова. Першую партыю ўжо адправілі ў крамы.

Спецыялісты адзначаюць, што пры далейшым вырошчванні тэхналогію давядзецца ўдасканальваць. Айчыннай прадукцыі складана канкураваць з імпартнай, але беларускія аграрыі лічаць, што іх брокалі і кветкавая капуста могуць мець перавагу дзякуючы меншай адлегласці ад вытворцы да купца і больш экалагічнаму падыходу.

Цяпер сельгаспрадпрыемства чакае водгукаў ад пакупнікоў, каб зразумець, ці варта пашыраць эксперымент.

Чытайце таксама:

Лукашэнка следам за Трампам падсеў на квашаную капусту

Не будуць збіраць мыты з некаторых відаў агародніны

У Мядзеле вырасцілі гіганцкі памідор

Пачаліся дзяржаўныя закупкі садавіны, агародніны і ягад у насельніцтва

Каментары да артыкула