Двое дзяцей у Мінскай вобласці пацярпелі праз падзенне дрэў
22 жніўня з-за шквалістага ветру ў Нясвіжскім і Мінскім раёнах падзенне дрэў траўмавала двух хлопчыкаў 2014 і 2016 гадоў нараджэння. Пра гэта паведамілі ў МНС.
Скрыншот з відэа
Ратавальнікі працягваюць ліквідаваць наступствы непагадзі: распілоўваюць і прыбіраюць паваленыя дрэвы, а таксама дэмантуюць аварыйныя канструкцыі будынкаў.
У Гродзенскай вобласці супрацоўнікі МНС 100 разоў выязджалі на дапамогу жыхарам 14‑ці раёнаў і Гродна. У пяці населеных пунктах былі пашкоджаныя дахі прыватнага дома, сельскагаспадарчых пабудоў і адміністрацыйнага будынка. У Бераставіцкім раёне і Гродне дрэвы ўпалі на два легкавыя аўтамабілі.
У Брэсцкай вобласці ратавальнікі 23 разы аказвалі дапамогу насельніцтву. Яны распілавалі і прыбралі 19 паваленых дрэў, а таксама чатыры разы выязджалі для дэмантажу аварыйных элементаў дахаў і рэкламных канструкцый. Выпадкі зафіксавалі ў некалькіх раёнах вобласці, а таксама ў Баранавічах, Ганцавічах, Кобрыне і Брэсце.
У Віцебскай вобласці паведамляецца пра восем выпадкаў падзення дрэў.
У Мінскай вобласці ратавальнікі 16 разоў дапамагалі распілоўваць і прыбіраць паваленыя дрэвы ў Вілейскім, Валожынскім, Клецкім, Маладзечанскім, Мінскім, Мядзельскім і Стаўбцоўскім раёнах, а таксама ў Жодзіне. У Клецкім і Стаўбцоўскім раёнах дрэвы пашкодзілі тры легкавыя аўтамабілі.
У Мінску ратавальнікі 15 разоў выязджалі на распілоўку паваленых дрэў. Акрамя таго, яны двойчы здымалі аварыйныя лісты бляхі з дахаў і дапамагалі дэмантаваць вадасцёкавую трубу.
Чытайце таксама:
Праз моцны вецер без святла і вады засталіся Смалявічы
Штармавы вецер пакінуў без электрычнасці больш за 30 населеных пунктаў Гродзеншчыны