Панамскі канал абмялеў праз Эль-Ніньё. Праз яго будуць прапускаць менш суднаў
Адміністрацыя Панамскага канала вырашыла скараціць колькасць суднаў, якія могуць праходзіць праз адзін з найважнейшых водных шляхоў свету. Прычына — недахоп ападкаў і зніжэнне запасаў вады, звязаныя з Эль-Ніньё, піша Бі-бі-сі.
Панамскі канал. Фота: Wikimedia Commons
З 15 верасня праз канал змогуць праходзіць 32 судны ў суткі замест цяперашніх 36. Новыя абмежаванні пачнуць уводзіць паэтапна з 3 верасня.
Улады Панамы тлумачаць рашэнне неабходнасцю захаваць надзейнасць працы канала і запасы прэснай вады для насельніцтва. Нягледзячы на пачатак сезона дажджоў у Цэнтральнай Амерыцы і ўжо прынятыя меры па эканоміі вады, адміністрацыя лічыць дадатковыя абмежаванні неабходнымі для доўгатэрміновай стабільнасці суднаходства.
Панамскі канал мае вялікае значэнне для сусветнага гандлю, бо істотна скарачае адлегласць і час перавозак паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. Штогод праз яго праходзяць каля 14 тысяч суднаў. Канал працуе кругласутачна на працягу ўсяго года і прыносіць Панаме каля 3 мільярдаў даляраў даходу штогод.
Сёлетнія праблемы звязваюць з Эль-Ніньё — перыядычным павышэннем тэмпературы паверхневых вод Ціхага акіяна, якое ўплывае на надвор'е ў розных рэгіёнах свету. Паводле прагнозаў, сёлетні Эль-Ніньё можа стаць адным з самых моцных за ўсю гісторыю назіранняў. Яго наступствы могуць закрануць сельскую гаспадарку, харчовыя пастаўкі і сусветную эканоміку.
Падобная сітуацыя ўжо ўзнікала ў 2023 годзе. Тады праз засуху ў Панаме ўлады таксама былі вымушаныя абмежаваць колькасць суднаў, якія праходзілі праз канал. Пасля гэтага адміністрацыя прыняла меры, якія дазволілі скараціць расход вады.
Новыя абмежаванні ўзнікаюць на фоне іншых праблем у сусветным суднаходстве. Вайна з Іранам ужо прывяла да сур'ёзных перабояў у перавозках і скарачэння колькасці суднаў, якія выкарыстоўваюць стратэгічна важны Армузскі праліў. Абмежаванні ў Панамскім канале могуць дадаткова павялічыць ціск на глабальныя ланцужкі паставак.
Панамскі канал мае таксама важнае геапалітычнае значэнне. Яго пабудавалі пераважна на амерыканскія сродкі і афіцыйна адкрылі ў 1920 годзе. Доўгі час ён знаходзіўся пад кантролем ЗША, але ў 1999 годзе поўнае кіраванне каналам было перададзена Панаме.
Дональд Трамп у пачатку свайго другога прэзідэнцкага тэрміну заявіў пра магчымасць вяртання канала пад кантроль ЗША. Ён сцвярджаў, што за высокімі тарыфамі для амерыканскіх суднаў і ўплывам на інфраструктуру канала стаіць Кітай. Прэзідэнт Панамы Хасэ Рауль Муліна гэта адмаўляў, падкрэсліваючы, што канал не кантралюецца ні Кітаем, ні ЗША, ні Еўрасаюзам.
У 2025 годзе пад ціскам адміністрацыі ЗША ганконгскі холдынг CK Hutchison абвясціў аб перадачы 90% долі ў Panama Ports Company кансорцыуму на чале з амерыканскай інвестыцыйнай кампаніяй BlackRock.
Чытайце таксама:
Паглядзіце, як абмялела Прыпяць у Мазыры
У Рыме праз засуху сталі бачныя апоры старажытнарымскага моста
З-за абмялелага Дуная Румынія спыніла працу сваёй адзінай АЭС