«Цяпер мне чужая сама канцэпцыя ўжыць нешта, чаго ты не ведаеш». Вялікая гутарка з Іванам Шылам пра бізнэс, зараблянне з дапамогай ШІ, жанчын і ботакс
Для адных Іван Шыла застаецца ў памяці яркім салігорскім маладафронтаўцам, для другіх — сталічным свецкім львом і бізнэсоўцам, трэція згадаюць яго гучнае звальненне з «Белсата» за жарт на адрас прэзідэнта Польшчы. А чым ён жыве сёння?
Пагутарылі з Іванам Шылам пра самае асабістае — у тым ліку пра адмову ад алкаголю, пра жыццё беларускім не ў Беларусі, пра няўдалыя і апраўданыя інвестыцыі, а таксама планы іх сямейнай клінінгавай кампаніі «Чысты кіт» (Clean Whale) па захопе свету.
Іван Шыла. Фота: Наша Ніва
«Сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці прыносіў мне вялікія пакуты»
«Наша Ніва»: Чым сёння жыве Іван Шыла?
Іван Шыла: Я займаюся бізнэсам, боўлдэрынгам і гуляю ў футбол. Можна сказаць, што маё жыццё збольшага складаецца з дзвюх рэчаў — спорт і бізнэс.
І я магу зараз сказаць, што жыву шчаслівае жыццё. Я перастаў змагацца з сабой. У першую чаргу, я маю на ўвазе СДУГ (сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці), які прыносіў мне вялікія пакуты ў мінулым. Я не мог нармальна працаваць. Мне здавалася, калі я не магу сканцэнтравацца на нейкай адной задачы, то ў мяне такая рыса характару кепская, ці што я лянівы.
Але сёння я лічу, што СДУГ — гэта мая перавага. Я магу думаць пра 20 рэчаў адначасова і шмат рабіць паралельна. Гэта заслуга і штучнага інтэлекту ў той форме, у якой ён прадстаўлены сёння, і ўжывання антыдэпрэсантаў.
Я доўга думаў, што жыць з трывогай, бядой, няшчасцем — гэта нармальна, што так жывуць усе вакол. Кшталту я гляджу на людзей і ўпэўнены, што дзесьці ўнутры ў іх павінна быць тое самае, што і ў мяне: думкі пра смерць кожны дзень, што я нікому не патрэбны, нічога не ўмею і гэтак далей. Аказалася, што можна інакш.
Першапачаткова мне параілі піць антыдэпрэсанты (АД), каб я лепш спаў. Лепей спаць я не стаў, але атрымаць само разуменне, што жыццё можа быць іншым — гэта кардынальная змена. Я цяпер магу проста ісці па вуліцы і думаць: «Ваў, як прыгожа!». Такога раней не было.
«НН»: Колькі ў тваім выпадку спатрэбілася піць медыкаменты для такога эфекту?
ІШ: Я пачаў піць АД у студзені. Дадатковы эфект: у мяне цяпер менш злосці на іншых. Я перастаў пісаць гадкія каментары ў фэйсбуку. Раней я нярэдка мог выказваць непрыемныя рэчы людзям, таму што, напэўна, у мяне было шмат непрыемных пачуццяў, і гэта быў адзін са спосабаў жыць.
«НН»: Ты таксама адмовіўся ад алкаголю. Нядаўна адзначаў 110 дзён без. Гэта нейкі марафон?
ІШ: Я не настолькі сканцэнтраваны на тым, што не п’ю — проста я больш зусім не ўжываю алкаголь. Адмовіўся яшчэ да антыдэпрэсантаў, таму што мне 35 гадоў і я дастаткова шмат часу правёў са сваім целам і зразумеў, што трэба крыху яго шанаваць. Бо, напрыклад,
калі ў 20 гадоў я спрабаваў наркотыкі, то нават не думаў, што гэта можа дрэнна скончыцца. Проста хацелася праверыць, на што здольны мой арганізм. Цяпер мне чужая сама канцэпцыя ўжыць нешта, чаго ты не ведаеш. Нейкую таблетку, якая зроблена невядома дзе і невядома як.
Алкаголь я цаню больш і лічу, што ён часам патрэбны як сродак сацыяльных нейкіх зносін. Але ў маім выпадку гэта простая арыфметыка: наступствы алкаголю ўжо перакрываюць яго плюсы. Я мог адчуваць сябе больш разняволена недзе, але наступныя некалькі дзён былі выкінутыя з жыцця.
Я калісьці лічыў, што алкаголь адкрывае больш магчымасцяў для карысных знаёмстваў. Але па факце я выпіваў шмат, мог да самай раніцы, але нешта алкаголь мне з кантактамі не дапамог і працу не прынёс.
У мяне была выдатная выпівацкая кар’ера, я быў добрым камандным гульцом. Але кар’ера скончаная — я больш не буду піць алкаголь.
Іван Шыла на трэніроўцы па футболе. Фота «Наша Ніва»
«НН»: Можна сказаць, што Іван Шыла сёння — ЗЛЖнік па ўсіх франтах, ці ўсё ж застаюцца «грашкі»?
ІШ: Я сапраўды цяпер ЗЛЖнік. Даўно кінуў паліць, не п’ю алкаголь, не ем шкодную ежу. Але я кепска сплю і таму п’ю снатворнае. Можна сказаць, што такая залежнасць у мяне ёсць.
Дзесьці дзве гадзіны на дзень у мяне ідзе на спорт (збольшага — боўлдэрынг, а яшчэ бег і футбол). 30 хвілін — на нямецкую мову і ўсё астатняе на працу.
«НН»: Нямецкую мову працягваеш вучыць для камунікацый па працы ці ёсць думкі пра пераезд?
ІШ: Я жыву ў Варшаве, і нямецкі пашпарт атрымліваць дакладна не збіраюся. Нямецкую вучу ўжо чатыры гады. Гэта проста працэс, які мне падабаецца.
Іван Шыла на трэніроўцы па футболе. Фота: Наша Ніва
«Я глыбей у беларускім кантэксце, чым, напэўна, 99% эмігрантаў»
«НН»: Палітыка заўсёды займала вялікую частку твайго жыцця, які кавалак ад яе застаўся?
ІШ: Я жыву ў беларускім кантэксце. Я не пачынаю дзень з чытання польскіх навін, дапусцім. Я, канечне, мінімальна ў курсе, што адбываецца ў польскай палітыцы, але часцей чытаю «Нашу Ніву» — так склалася гістарычна.
Часам я адчуваю сябе кепска праз сваю заглыбленасць у беларускі кантэкст. У тым плане, што вялікая колькасць людзей з майго атачэння ўжо ім не жывуць і не разумеюць, чаму мне цікава, умоўна кажучы, што там Павел Латушка напісаў пра Сабаленка.
Я глыбей у беларускім кантэксце, чым, напэўна, 99% эмігрантаў.
Я не стаў часткай польскага грамадства і не хачу гвалтоўна змяняць сваю ідэнтычнасць. Я адчуваю сябе часткай беларускай супольнасці — адпаведна, мне больш цікава, што адбываецца з беларускім грамадствам.
Акрамя таго, маючы журналісцкі бэкграўнд, я ствараю прабеларускія праекты. Напрыклад, кароткія відэа пра Беларусь 1000belarus — у яго ўжо па пяць мільёнаў праглядаў штомесяц, пры гэтым ён амаль цалкам робіцца штучным інтэлектам.
Такія ж праекты ў мяне ёсць пра Польшчу, футбол. Будзе яшчэ пра беларускую музыку. Аднак пра Польшчу я нашмат горш раблю кантэнт, бо горш арыентуюся.
«НН»: Хто ў беларускай палітыцы цябе сёння найбольш раздражняе, а каму ты рэспектуеш?
ІШ: Я не буду казаць, хто мяне раздражняе, бо няма сэнсу. Я ўвогуле не бачу сэнсу сёння займацца палітыкай, бо яе як бы няма і ты, хутчэй за ўсё, прайграеш.
Можна займацца культурай. У гэтым сэнсе Рыгор Астапеня (дарэчы, мой аднакласнік) і Паша Мацукевіч у межах ініцыятывы «Мальдзіс» робяць крутыя рэчы. І я адзін з іх мецэнатаў, я рэгулярна ахвярую грошы на набыццё нейкіх беларускіх культурных каштоўнасцяў.
Мне падабаецца, што вынік гэтай дзейнасці бачны адразу і зразумелы на будучыню.
«Пры дапамозе ШІ я магу ўсё»
«НН»: Акрамя ўсяго, што мы тут згадалі, ты яшчэ і праграмуеш. Адкуль столькі энергіі? Гэта якраз наступствы СДУГшнага складу?
ІШ: У тым ліку. Плюс мяне шчыра захапляе тое, што сёння адбываецца са штучным інтэлектам. Прытым што мы толькі ў пачатку грандыёзных перамен.
Я гэтым цікаўлюся чацвёрты год і вельмі моцна прасунуўся. Пры дапамозе ШІ я магу ўсё: запускаць бізнэсы, ствараць дадаткі, весці свае 60 каналаў у інстаграме. І я таксама хутка магу тут пабачыць вынік.
Раней, дапусцім, каб стварыць дадатак, я мусіў выдаткаваць шмат грошай, сабраць каманду… Цяпер ад ідэі да пачатку рэалізацыі можа мінуць дзве гадзіны. Кошт распрацоўкі фактычна стаў нулявым.
Я не хачу гучаць як нейкі трэнер-матыватар, але, дзякуючы таму, што я авалодаў кодынгам і ШІ, я штомесяц магу зарабляць дадатковыя 3‑4 тысячы даляраў на нейкіх пабочных праектах, таму што я іх магу рабіць вельмі хутка. Вядома, што на старце я быў у больш выгаднай і камфортнай пазіцыі, чым умоўны таксіст, які вымушана працуе па 12 гадзін, каб аплаціць арэнду. Але тое, што я маю — таксама вынік маёй працы. У мяне ніколі не было адпачынку і амаль ніколі няма выходных. Я працую ўвесь час.
Плюс цяпер праца прыносіць мне задавальненне, таму што я магу сам зрабіць усё, што прыдумаю. Гэта неверагодная рэч.
Стартап Івана Шылы, які дапамагае бізнэсам з кантэнтам, прасоўваннем, павышэннем рэйтынгаў і г.д.
Я стары чалавек у тым сэнсе, што памятаю, як з’яўляўся інтэрнэт. Як я рабіў у пачатку нулявых першыя сайты — на narod.ru, сайт салігорскага «Маладога фронту» і ўсякае іншае, і ў мяне проста выбухала ў галаве ад асэнсавання, што я магу нешта стварыць у інтэрнэце і людзі могуць туды зайсці. Зараз гэтага «ваў» у сотні разоў больш.
«НН»: З такім графікам нібыта не застаецца месца асабістаму жыццю…
ІШ: Я цяпер не ў адносінах. Жыву адзін, і мне падабаецца. Я заўсёды альбо здымаў кватэру з кімсьці, альбо жыў з бацькамі. А цяпер у мяне ўпершыню з’явілася магчымасць пажыць аднаму, і мне камфортна.
«НН»: На шляху да самаўдасканальвання ці звяртаешся ты яшчэ па паслугі касметолагаў, напрыклад? Для лепшых эфектаў.
ІШ: Так, я хаджу да касметолагаў, раблю ўколы і розныя банальныя працэдуры. Ботакс — топ. Я не адмоўлюся ад яго ніколі. У мяне ўсё жыццё былі зморшчыны, цяпер іх няма, і мне гэта падабаецца.
«Эфект выбараў у Каардынацыйную раду». Скрыншот са старонкі Вані Шылы ў фэйсбуку
«Праца ў Нью-Ёрку пакуль у мінус»
«НН»: У лютым ваша кампанія Clean Whale зрабіла першы тэставы заказ у ЗША. Нягледзячы на ранейшы досвед з адкрыццём 15+ клінінгаў у розных еўрапейскіх краінах вы прызналіся, што там усё пайшло (і ідзе) вельмі складана. У чым галоўная прычына?
ІШ: Амерыканцы іншыя, з іншай культурай спажывання. І наша разуменне таго, як працуюць розныя сэрвісы, было бліжэйшым да польскага рынку, чым да амерыканскага.
Не магу сказаць, што мы да канца зразумелі, як працаваць у ЗША. Мы працуем, у нас часам бывае па 20‑25 замоваў у дзень, плацім падаткі, але гэта праца ў мінус. Пакуль не магу сказаць, ці скончым мы бітву ў Нью-Ёрку перамогай.
«НН»: Хто кіруе новым амерыканскім кірункам?
ІШ: У нас там зарэгістраваная фірма, з фармальным дырэктарам, якому плаціцца заробак. Але рэальна бізнэс кіруецца з Варшавы. У нас няма мэты адкрыць шмат фізічных офісаў. Мы імкнёмся да таго, каб стаць вялікім маркет-плэйсам хатніх паслуг. Мы хочам іх працэсіраваць і забяспечваць бяспеку транзакцый.
CleanWhale — досыць кампактны бізнэс. Сёння ў нас 35 супрацоўнікаў. І мы плануем, што ў будучыні павялічым аб’ёмы працы ў 10 разоў, пры гэтым асабліва не пашыраючы каманду. Сёння адзін чалавек закрывае адзін горад і тысячу замоваў, а зможа закрываць цэлы рэгіён і 15 тысяч.
Мы вельмі моцна змянілі бізнэс за апошні час у плане ўжывання алгарытмаў. У плане прымянення сучасных тэхналогій у той жа Еўропе проста няма нічога такога блізка ў клінінгу.
У Варшаве і Берліне мы выйгравалі канкурэнцыю ў вельмі вялікіх кампаній. З дзясяткамі мільёнаў інвестыцый. І яны выходзілі з рынку, прапаноўваючы нам набыць іх лакальны бізнэс. Але для нас там не было нічога цікавага тэхналагічна.
Праца CleanWhale у рэальным часе
Дарэчы, мне раней было сорамна, што ў нас не інтэрнацыянальны бізнэс у тым сэнсе, што ў нас няма менеджараў-палякаў у Польшчы, напрыклад. Альбо таму, што ў еўрапейскай кампаніі размаўляюць па-руску. Але мадэль працуючая ж, таму я вырашыў, што не варта перабудоўваць сябе толькі таму, што так сказалі інвестары ці недзе так напісана. У нас свой шлях.
«НН»: Колькі грошай вы ўжо ўклалі ў амерыканскае адгалінаванне?
ІШ: Каб проста адкрыць клінінг у Нью-Ёрку, трэба нуль грошай насамрэч. Наняў людзей, запусціў інстаграм і пайшоў шукаць кліентаў. Але каб зрабіць менавіта бізнэс, трэба мінімум 150 тысяч даляраў інвестыцый (тым больш для нашай мадэлі, бо мы спрабуем заваяваць значную частку рынку і рабіць шмат прыборак і іншых заказаў). Ты мусіш развітацца з такой сумай і чакаць, калі яна вернецца.
Для параўнання, каб запусціць кампанію ў Варшаве, Шылы выдаткавалі каля 15 тысяч еўра, у Кракаве — каля 4 тысяч еўра.
У Штатах вельмі дарагая рэклама, хочацца адзначыць. Асабліва ў Нью-Ёрку.
«НН»: Асноўны прыбытак вам сёння прыносіць польскі рынак?
ІШ: Польшча выйграе па маштабах, бо тут мы пакрылі шмат гарадоў. Калі гаварыць пра маржынальнасць бізнэсу, то ў лідарах у прынцыпе можа быць і Чэхія.
«НН»: Колькі «Чысты Кіт» апрацоўвае заказаў у месяц?
ІШ: Каля 10‑15 тысяч.
У нас зараз шмат паслуг, не толькі прыборка. Можна замовіць нават чыстку каналізацыі — прыедзе вялікі аўтамабіль са спецабсталяваннем. Мы прадаём «ліды»: гэта і дробны рамонт кшталту фарбавання сцен, і рамонт тэхнікі, і нават ландшафтныя паслугі. Наша мэта — прапаноўваць усё, што так ці інакш звязана з домам. Але прыборка застаецца базай.
«Кліент заўжды мае рацыю» — гэта з нейкіх падручнікаў па бізнэсе, мала звязаных з рэальнасцю»
«НН»: Усё выглядае супер, але вось адзін з рэальных кейсаў: вашы клінеры прыехалі на прыборку пасля рамонту ў свежую кватэру і падрапалі вокны, а таксама новую ванну. Як такое магчыма ў кампаніі — лідара рынку?
ІШ: Гэта яшчэ не горшае, што магло здарыцца. Гэта асаблівасць спажывецкага бізнэсу. Такое будзе здарацца, бо людзей немагчыма кантраляваць. Можа, з’явяцца робаты і выправяць сітуацыю. Але пакуль тут працуюць людзі, яны будуць спазняцца, псаваць рэчы, ужываць алкаголь (як робяць, напрыклад, кіроўцы таксі і іншыя).
Пытанне толькі ў колькасці такіх праблемных сітуацый і ў тым, наколькі мы можам на гэта рэагаваць. У нас існуе старонка, дзе бачныя ўсе нашы адзнакі ў бягучым часе (дублююцца яны і ў сацсеткі). І вы можаце паглядзець, з якой верагоднасцю вам сапсуюць ванну. Верагоднасць кепскай прыборкі ў нас складае 3,7%. На 100 прыборак чатыры пройдуць кепска. Яшчэ некалькі зусім не адбудуцца, таму што да кліентаў ніхто не прыедзе. Гэта частка масавага сэрвісу.
Вядома, калі б мы рабілі маленькую кампанію сямейнага тыпу, дзе мы з братам бы яшчэ і прыбіралі, то, напэўна, у 100% выпадкаў усё было б выдатна. Але ў нашым маштабе я не магу такое паабяцаць кліентам.
І калі вы возьмеце водгукі любой іншай клінінгавай кампаніі ці маркетплэйса і пачняце вывучаць кепскія водгукі, яны ўсе будуць аднолькавыя. Нешта сапсавалі, курылі на замове, былі грубыя, не прыехалі, спазніліся, нефіксаваны кошт. Ніводную з гэтых праблем ніхто не ў стане вырашыць да канца. Але мы спрабуем зрабіць, напрыклад, лепшы мэтчынг клінераў і кліентаў — замацоўваць канкрэтных людзей за канкрэтным домам.
«НН»: Як вы працуеце з відавочнымі праваламі клінераў?
ІШ: Кліент атрымлівае прапанову нейкай разумнай з нашага пункту гледжання кампенсацыі. Ёсць таксама страхоўка, калі нешта, умоўна, згарыць.
Калі ты хочаш вялікі бізнэс, у цябе дакладна будуць кепскія сітуацыі. Адзінае, што скажу: мы з верагоднасцю ў 90% не згубім кепскі водгук, дзе б ён ні быў напісаны. І мы яго адрасуем выканаўцам. Вялікае пытанне, што будзе далей. Гэта залежыць ад многіх фактараў. Нават самая кепская адзнака не азначае аўтаматычна, што чалавек не будзе далей выконваць замовы. Мы не заўжды прымаем бок кліентаў. «Кліент заўжды мае рацыю» — гэта з нейкіх падручнікаў па бізнэсе, мала звязаных з рэальнасцю.
«НН»: Які ў вас месячны абарот на сёння?
ІШ: Я б не хацеў называць канкрэтныя лічбы. Гаворка ідзе пра мільёны злотых (больш за $250 тысяч), але ў прасторы еўрапейскіх гігантаў мы ўсё яшчэ «малы бізнэс». Нас нават няма ў топе-100 кампаній Польшчы з беларускімі каранямі. Так, сярод клінінг-кампаній у Польшчы менавіта ў нашай сферы (праца з прыватнымі кліентамі ў іх дамах і кватэрах) мы ўжо нумар адзін. Але гэта сведчыць толькі пра тое, што гара, на якую мы лезлі, не такая высокая. Пры гэтым «знізу» працягваюць паўзці і спрабаваць спіхнуць цябе з гэтага месца шмат іншых кампаній і прыватных выканаўцаў.
«НН»: Асноўныя мэты ў вас далей на пашырэнне геаграфіі і колькасці заказаў?
ІШ: У нас план расці хутка, моцна і тэхналагічна ў першую чаргу. З бліжэйшага — ахапіць яшчэ 20‑30 гарадоў сваімі паслугамі.
Як толькі мы пабачым, што бізнэс у Нью-Ёрку пачаў прыносіць грошы, мы адразу дадамо 20‑30 гарадоў у ЗША.
Няпрошаная парада, якую я сам для сябе калісьці сфармуляваў: бізнэс — гэта лічбы і гэта не хобі. Ты можаш перахацець гэтым займацца, але і без гэтага сапраўдны бізнэс павінен працягваць існаваць.
Год таму я яшчэ думаў: «Нам трэба наймаць дадатковых людзей не з нашага асяроддзя, каб прынесці нейкую іншую культуру кіравання бізнэсам». Але паўгода таму я зразумеў, што бізнэсам будзе кіраваць штучны інтэлект. І мне не трэба наймаць дадатковага дырэктара. Канечне, софт-скілы часта важныя. Але ў нас не публічная кампанія, каб перад інвестарамі справаздачыцца і ім імкнуцца спадабацца.
«Амаль штогод я губляю грошы як інвестар»
«НН»: Раскажы пра свой досвед інвестыцый. У 2024 ты ўклаў грошы ў тры бары — два ў Варшаве і адзін у Берліне, але не выгарэла. Чаму?
ІШ: Гэта не адзіны бізнэс, на які я даваў грошы і які мне асабліва нічога не прыносіў. Амаль штогод я страчваю грошы як інвестар. Вельмі рэдка ў мяне нешта атрымліваецца.
Ёсць такая казка пра тое, што трэба ўкласціся ў дзесяць бізнэсаў, бо нешта з іх абавязковы выгарыць і прынясе плады. Але Аляксандр Кныровіч пацвердзіць вам, што гэта няпраўда (бізнэсмен уклаў у стартапы сотні тысяч даляраў — не стрэліў ніводзін. — НН).
З барамі быў такі момант, што мы з братам пачалі крыху зарабляць грошы і было памкненне кудысьці іх скіроўваць. Здавалася, што беларусы як цудоўныя майстры — яны паўсюль свой бізнэс могуць зрабіць яшчэ больш паспяховым, чым у Беларусі. Але з барамі не так. Там мільён нюансаў.
Праўда ў тым, што гастрабізнэс — гэта апошні бізнэс, у які трэба ісці, калі ты разлічваеш на прыбытак. Так ці інакш, мы атрымалі неацэнны досвед, так бы мовіць. Сталі іншымі (пасміхаецца).
«НН»: Колькі грошай вы пахавалі ў гэтым праекце — тры бары ў адным?
ІШ: Можа, суму аднапакаёвай кватэры ў Мінску. Частка грошай нам вярнулася. А яшчэ я атрымаў там вялікую зніжку на алкаголь. Шкада, што ўжо тады я рэдка піў (пасміхаецца).
«НН»: З чаго параіш пачаць тым, хто хацеў бы таксама пачаць зарабляць пры дапамозе ШІ? Ці плануе аўтаматызаваць частку існых працэсаў у кампаніі для лепшай эфектыўнасці.
ІШ: Сэнс планаў «пайду павучуся на курсах» сёння амаль страціўся. Мне казалі: «Ты павінен разумець архітэктуру праектаў, бо, канечне, код — гэта топ, але ты ж не зможаш зрабіць складаныя рэчы». Я зараз раблю суперскладаныя рэчы. Але важней не проста навучыцца пісаць нейкі праект, варта падумаць, як яго пасля распаўсюджваць, прасоўваць. Чаму гэтая ідэя будзе сугучная іншым людзям.
Як з кантэнтам: ёсць жа добры АІ-кантэнт, цікавы і вірусны, а ёсць няякасны. Трэба думаць, як рабіць добра. Інструментаў становіцца шмат, яны ва ўсіх, але з іх наяўнасцю самой па сабе ты не станеш канкурэнтным, таму што ўсё адно гэта свет шансаў.
Чытайце кніжкі, вучыце мовы, займайцеся спортам, не грэбуйце антыдэпрэсантамі пры патрэбе — такія вось суперпарады.
Чытайце таксама:
«Зарабляем 20—25 тысяч еўра за месяц». Як Іван Шыла адкрыў паспяховы бізнэс за мяжой
Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць
Астапеня назваў тры памылкі беларускай апазіцыі
Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі