БЕЛ Ł РУС

У Латвіі знеслі дом Міхаіла Задорнава

18.08.2026 / 13:53

Nashaniva.com

Дома расійскага сатырыка Міхаіла Задорнава ў Юрмале, які ён называў «сямейнай сядзібай», больш няма.

Новыя ўладальнікі зруйнавалі будынак да падмурка, а на яго месцы пабудавалі сучасны двухпавярховы катэдж. Новыя ўладальнікі не захацелі захоўваць будынак, звязаны з комікам, які стаў вядомы сваімі выказваннямі супраць Украіны і падтрымкай расійскай агрэсіі, піша Delfi.lv.

Задорнаў набыў дом у Юрмале ў 1990 годзе і праводзіў там шмат часу — прымаў журналістаў, сяброў і прадстаўнікоў расійскага шоу-бізнэсу. У доме было 10 пакояў, у тым ліку тры спальні, два ванныя пакоі і камін.

Пасля смерці Задорнава ў 2017 годзе дом перайшоў ва ўласнасць яго першай жонкі Велты. Спачатку яна здавала яго ў арэнду, а пазней прадала.

Новыя ўладальнікі адразу звярнуліся ў гарадскую думу і папрасілі дазволу зруйнаваць будынак. Праект новага дома ўзгадніла Нацыянальнае ўпраўленне культурнай спадчыны Латвіі, паколькі зямельны ўчастак знаходзіцца ў зоне помніка горадабудаўніцтва дзяржаўнага значэння. Відавочна, усе неабходныя дазволы былі атрыманыя. Цяпер на месцы старога дома стаіць сучасная камяніца коштам каля 3 млн еўра.

Да 2014 года Задорнаў быў адным з самых папулярных расійскіх комікаў і выступаў таксама ва Украіне, аднак пасля рэвалюцыі Майдана яго рыторыка рэзка змянілася.

Сатырык пачаў сістэматычна высмейваць украінцаў, Еўрамайдан, украінскія ўлады і імкненне краіны да інтэграцыі з Еўропай. Ён сцвярджаў, што Украіна ўвойдзе ў гісторыю як краіна, якая «вырашыла, што больш не хоча жыць у беднасці, таму стала жыць яшчэ горш».

Ён высмейваў імкненне Украіны ўступіць у Еўрапейскі саюз і пастаянна паўтараў прапагандысцкія наратывы пра падзеі на Данбасе.

Асабліва бурную рэакцыю словы гумарыста выклікалі пасля таго, як у ліпені 2014 года над Данбасам быў збіты Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines. Задорнаў цынічна пажартаваў, што самалёт пацярпеў катастрофу, бо быў «цяжэйшы за паветра». Фактычна гэта было здзекам з трагедыі, якая забрала жыцці 298 чалавек.

Акрамя таго, Задорнаў падтрымаў незаконную анексію Крыма і падпісаў ліст, у якім выказвалася падтрымка прэзідэнту Расіі. Пасля гэтага яму забаранілі ўезд ва Украіну.

Міхаіл Задорнаў нарадзіўся ў Юрмале ў 1948 годзе, дзе ў той час пасля пераезду з Далёкага Усходу пасяліўся яго бацька, пісьменнік Мікалай Задорнаў. Скончыў у Рызе школу і два курсы Рыжскага палітэхнічнага інстытута, пасля чаго пераехаў у Маскву. Пахаваны Міхаіл Задорнаў у Рызе на Лясных могілках побач з магілай бацькі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула