Памёр купалавец Мікалай Кучыц
13 жніўня стала вядома пра смерць беларускага акцёра Мікалая Кучыца. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміла трупа «Купалаўцы». Яму было 73 гады.
Мікалай Кучыц. Фота: kino-teatr.ru
«Сёння пайшоў з жыцця наш Купалавец Мікалай Кучыц», — гаворыцца ў паведамленні. Ніякіх ншых падрабязнасцяў не паведамляецца.
Мікалай Кучыц нарадзіўся ў 1953 годзе. У 1984 годзе скончыў тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе вучыўся на курсе Барыса Луцэнкі.
З 2001 па 2020 год Кучыц быў акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У 2020 годзе ён пакінуў тэатр разам з большай часткай трупы.
Акрамя працы на тэатральнай сцэне, Мікалай Кучыц здымаўся ў кіно і тэлесерыялах. За сваю кар'еру ён выканаў каля 40 роляў.