БЕЛ Ł РУС

У Беларусі зацвердзілі правілы эвакуацыі каштоўнасцяў на выпадак вайны: цэглу з Брэсцкай крэпасці з надпісамі будуць ратаваць перш за карціны Шагала і Суціна

13.08.2026 / 16:08

Ф. Раўбіч

Міністэрства культуры вызначыла алгарытм эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў пры ўзброеных канфліктах і надзвычайных сітуацыях. Аднак з-за юрыдычнай калізіі ў заканадаўстве эвакуацыі дагэтуль не падлягаюць музейныя, архіўныя і бібліятэчныя фонды, толькі выбраныя прадметы. 

Карціна «Ева» Хаіма Суціна, якая стала адным з візуальных сімвалаў пратэстаў 2020 года, разам з астатнімі палотнамі прадстаўнікоў Парыжскай школы, сабранымі «Белгазпрамбанкам», мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння. Фота: Wikimedia Commons

Як вынікае з пастановы Міністэрства культуры № 83, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, новы парадак рэгулюе эвакуацыю ў выпадку надзвычайных сітуацый або ўзброенага канфлікту выключна «гісторыка-культурных каштоўнасцей». Тое ж прапісана і ў дзеючым Законе аб грамадзянскай абароне. 

Аднак згодна з Кодэксам аб культуры, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць толькі тыя аб'екты, якія афіцыйна ўнесены ў адпаведны Дзяржаўны спіс.

Такім чынам, пераважная большасць звычайных музейных экспанатаў, прадметаў у архіўных і бібліятэчных фондах, якія з'яўляюцца проста «культурнымі каштоўнасцямі», юрыдычна не падпадаюць пад дзеянне гэтых дакументаў, а значыць і пад эвакуацыю ў выпадку надзвычайных сітуацый.

У тэксце інструкцыі таксама нічога не сведчыць пра тое, што эвакуацыі падлягаюць нерухомыя помнікі архітэктуры, якія могуць быць разабраныя і сабраныя зноў, як напрыклад драўляныя іканастасы, алтары ці цэлыя будынкі, як тыя, што зберагаюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Абавязак па падрыхтоўцы да эвакуацыі афіцыйных каштоўнасцей кладзецца на іх уласнікаў, якія павінны распрацаваць планы вывазу і ўзгадніць іх з мясцовымі ўладамі і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Інструкцыя ўводзіць жорсткую чарговасць вывазу помнікаў у залежнасці ад іх афіцыйнай катэгорыі ў Дзяржаўным спісе.

У першую чаргу транспартам і міліцэйскай аховай будуць забяспечвацца каштоўнасці катэгорый «0» (сусветнае значэнне) і «1» (міжнароднае значэнне). Аб'екты катэгорый «2» (рэспубліканскае значэнне), «3» (рэгіянальнае) і прадметы «без катэгорыі» будуць эвакуявацца ў другую чаргу.

Цэглу з надпісам «Умираем не срамя» будуць эвакуяваць у першую чаргу

Так, у першую чаргу з мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой» і з фондаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску абавязаны эвакуяваць фрагменты цаглін са сцен Брэсцкай крэпасці з надпісамі «Умираем не срамя» і «1941 год 26‑го июня нас было трое…», а таксама калекцыю самаробнай партызанскай зброі і рукапісных партызанскіх часопісаў, бо ўсе яны маюць 1‑ю катэгорыю каштоўнасці. 

Разам з імі прыярытэтны статус для выратавання маюць арыгінальныя пражскія выданні Францыска Скарыны 1517—1518 гадоў са збораў Нацыянальнай бібліятэкі, рукапісы вершаў Янкі Купалы, еўрапейскія шпалеры XVI стагоддзя з Мірскага замка і ўнікальныя артэфакты з раскопак старажытнага Бярэсця.

У той жа час знакамітая калекцыя твораў мастакоў Парыжскай школы, якая была сфарміраваная па ініцыятыве былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі, будзе эвакуявацца ў другую чаргу, бо яна мае толькі 2‑ю катэгорыю каштоўнасці. У гэтай калекцыі — арыгінальныя палотны Марка Шагала, Хаіма Суціна і Пінхуса Крэменя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула