У Іўі на фестывалі памідораў прыгатавалі 9‑метровы бутэрброд
Таксама там урачыста закаталі слоік «касмічных таматаў».
Сёння ў райцэнтры на Гарадзеншчыне праходзіць фестываль «Іўеўскі памідор». Яго цэнтральнай часткай стала ўрачыстае шэсце па вуліцах горада.
Тут і далей фота газеты «Іўеўскі край»
На набярэжнай гарадской сажалкі ўсіх гасцей сустракала памідорнае каралеўства. Гаспадары свята сіньёр Памідор і яго спадарожніца Памідорка прыплылі туды пад пунсовай ветразю.
Традыцыяй фестывалю з'яўляецца ўрачыстая закатка слоікаў з іўеўскімі памідорамі. Адзін з іх закаталі чыноўнікі, а іншы — прадстаўнікі мясцовага духавенства.
А слоік «Касмічны ўраджай» зрабілі з памідораў, насенне якіх летась злятала ў космас. Яго даверылі закрыць мясцовым школьнікам і гасцям з Расіі: намесніцы галоўнага рэдактара «Расійскай газеты» Ядзвізе Юферавай і палкоўніку Вайскова-касмічных сіл РФ Віктару Шутаву.
Сюрпрызам для ўсіх наведвальнікаў стаў 9‑метровы святочны бутэрброд.