БЕЛ Ł РУС

У Балгарыю заляцеў і выбухнуў беспілотнік

8.08.2026 / 15:07

Nashaniva.com

«Ясна адно: беспілотнік перавозіў значную колькасць выбухоўкі», — заявіў прэм'ер краіны.

Прэм’ер-міністр Румен Радзеў паведаміў, што беспілотнік выбухнуў на тэрыторыі Балгарыі прыкладна за 100 метраў ад мяжы з Румыніяй. Пра гэта прэм’ер заявіў пасля пасяджэння Рады бяспекі ў Сафіі.

Паводле яго слоў, беспілотнік выбухнуў непасрэдна каля памежнага пункта Кардам на мяжы з Румыніяй, на паўночным усходзе краіны, каля ўзбярэжжа Чорнага мора, прыкладна за 1000 метраў ад кампрэсарнай станцыі газаправода Trans-Balkan.

Пацярпелых і матэрыяльнай шкоды няма.

Супрацоўнікі памежнай паліцыі Балгарыі і Міністэрства абароны працуюць над высвятленнем паходжання беспілотніка, паведаміў Радзеў.

Пасля выбуху беспілотнік упаў на поле сланечнікаў, дадаў прэм’ер-міністр.

Шум беспілотніка быў зафіксаваны румынскай памежнай паліцыяй, а затым патруль балгарскай памежнай паліцыі зарэгістраваў магутны выбух, пасля якога падняўся густы чорны дым, паведаміў Радзеў.

«Ясна адно: беспілотнік перавозіў значную колькасць выбухоўкі, улічваючы, што яго было чуваць на вялікай адлегласці і што пасля выбуху паднялося столькі чорнага дыму», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула