Латушка — Бабарыку: Я таксама размаўляю з сябрамі. У нас розныя сябры
На канферэнцыі «Новая Беларусь 2026» Віктар Бабарыка крытычна заявіў, што ягоныя сябры ўнутры краіны «не цікавяцца дзейнасцю дэмакратычных сіл». На гэтыя словы адрэагаваў Павел Латушка.
Падчас адной з дыскусій Віктар Бабарыка, які выступаў па-беларуску, адзначыў, што ягоныя галоўныя думкі цяпер не пра тое, як нам можа дапамагчы Украіна і Еўрасаюз.
«Адна думка: а які ўплыў, якую каштоўнасць дэмакратычныя сілы заваявалі напрацягу шасці гадоў?» — сказаў Бабарыка і дадаў, што ўсе мы памятаем, якім быў 2020 год.
Пасля чаго падзяліўся сваімі назіраннямі ад цяперашняй камунікацыі з сябрамі з Беларусі.
«Калі я размаўляю з сябрамі ўнутры Беларусі, яны кажуць: нам не цікава, што адбываецца ў дэмакратычнай супольнасці», — сказаў Віктар Бабарыка і дадаў, што бачыць шмат сігналаў, якія пацвярджаюць гэта.
Таму Бабарыка хацеў бы паразважаць пра тое, а што трэба зрабіць, каб вярнуць тую моц і тую каштоўнасць, якая была ў дэмакратычнай апазіцыі на пачатку 2020‑х гадоў?
«Вось гэта тэма, якая мне цікавая. Я разумею, што, можа, гэта не тэма гэтай панэльнай дыскусіі. Але ж мне здаецца, што гэта больш важна. Мы кажам пра акно магчымасцяў, але ў мяне простае пытанне: а чаму 6,5 мільёна беларусаў, якія нейкім цудам будуць мець магчымасць выбіраць сваё жыццё, выберуць тых, хто ў гэтай зале? Чаму яны іх выберуць? Вось гэтае пытанне для мяне самае галоўнае», — сказаў Бабарыка.
Пасля Віктара Бабарыкі выступаў Павел Латушка, які вырашыў адказаць на гэту заўвагу.
«Я адкажу Віктару Дзмітрыевічу. Я таксама размаўляю з сябрамі — у нас розныя сябры», — сказаў Латушка.