У Мінску жорстка пакаралі забойцаў кіргізскага крымінальнага аўтарытэта
Цела Алманбета Анапіяева знайшлі ў багажніку аўтамабіля на адной з вуліц Мінска ў лютым 2015 года — са звязанымі рукамі і перарэзаным горлам.
Алманбет Анапіяеў
Мінскі гарадскі суд 6 жніўня вынес прысуд па справе аб забойстве крымінальнага аўтарытэта Алманбета Анапіяева. Грамадзяне Кыргызстана Гульжыгіт Абілазізаў і Бектурсун Таробаеў прызнаныя вінаватымі ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, учыненым групай асоб, піша выданне vesti.kg.
Абілазізаў асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго затрымалі 6 жніўня 2024 года ў Казахстане, пасля чаго экстрадавалі ў Беларусь. Тарабаеў, затрыманы 15 ліпеня 2025 года ў Расіі, атрымаў 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ адзін фігурант справы знаходзіцца ў міжнародным вышуку.
Пры гэтым імя заказчыка забойства ў прысудзе не названае. Расследаванне ў дачыненні да меркаваных арганізатараў працягваецца. Таксама праваахоўныя органы правяраюць абставіны дачы Абілазізавым ілжывых паказанняў кыргызстанскім следчым.
Алманбет Анапіяеў, вядомы ў крымінальным асяроддзі як Алманбет Алайскі, паводле даных МУС Кыргызстана, лічыўся лідарам злачыннай групоўкі. У ведамстве сцвярджалі, што ён забяспечваў яе ўдзельнікаў зброяй і грашыма, атрыманымі ў выніку кантрабанды наркотыкаў.
У снежні 2012 года ЗША ўвялі фінансавыя санкцыі супраць шэрагу грамадзян Кыргызстана, якіх звязалі з еўразійскай злачыннай групоўкай «Братэрскі круг». У спіс трапіў і Анапіяеў.
Яго таксама называлі адным з найбліжэйшых паплечнікаў Камчы Кальбаева. Паводле даных ГУБАЗіК МУС, Анапіяеў нібыта забяспечыў зброяй членаў групоўкі Кальбаева для арганізацыі замаху на Рысбека Акматбаева. У міліцэйскай даведцы яго называлі адным з трох найбольш набліжаных да Кальбаева асоб і «прадстаўніком» у паўднёвых рэгіёнах Кыргызстана.
Цела Анапіяева выявілі ў багажніку аўтамабіля на адной з вуліц Мінска ў ноч з 16 на 17 лютага 2015 года. Яно было загорнутае ў некалькі коўдраў, рукі звязаныя, а на галаве знаходзіўся сіні пластыкавы пакет. У загінулага было перарэзана горла, на спіне выявілі чатыры нажавыя раненні, якія сталі смяротнымі.
Праз некалькі дзён пасля забойства ў Кыргызстане з’явіўся Гульжыгіт Абілазізаў, які прадстаўляўся кухарам і целаахоўнікам Анапіяева. Праз адваката ён заявіў, што стаў выпадковым сведкам расправы і нібыта апазнаў нападнікаў.
Пазней беларускі бок неаднаразова спрабаваў правесці яго допыт у рамках расследавання, аднак следчыя дзеянні з яго ўдзелам не адбыліся. Пасля Абілазізаў быў затрыманы ў Казахстане і экстрадаваны ў Беларусь.
Цяпер суд прызнаў яго непасрэдным выканаўцам забойства. Пры гэтым пытанне пра тое, хто арганізаваў злачынства і стаяў за яго выканаўцамі, застаецца адкрытым.