Мінчук скраў ноўтбук 80‑гадовага пенсіянера
Неяк увечары 23‑гадовы хлопец нападпітку брыў дахаты па вуліцы Лынькова.
Праходзячы міма аднаго з жылых дамоў, ён убачыў на лаўцы сумку, у якой знаходзіліся ноўтбук, дзве зарадныя прылады, флэшка і эспандэр. Азірнуўшыся па баках, малады чалавек забраў чужую маёмасць, пішуць Мінск-навіны.
Высветлілася, што сумку на лаўцы забыў 80‑гадовы пенсіянер, які ў той дзень вяртаўся з лецішча. Пасля ён звярнуўся з заявай у міліцыю.
Асобу зламысніка вылічылі хутка па запісах камеры відэаназірання, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну той цалкам прызнаў, у зробленым раскаяўся, скрадзены ноўтбук вярнуў.
Хлопцу выпісалі 300 гадзін грамадскіх работ.