БЕЛ Ł РУС

Сын прэзідэнта Зімбабвэ, меркавана, лячыўся ў Беларусі ад наркатычнай залежнасці

7.08.2026 / 22:39

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі журналістаў, на наркотыкі Колінза Мнангагву падсадзіла яго другая жонка.

Колінз Мнангагва. Фота: collins.mnangagwa.2025 / Facebook

Колінз Мнангагва, сын прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы, праходзіў у Беларусі лячэнне ад наркатычнай залежнасці, піша Reform.news са спасылкай на зімбабвійскае выданне Zimlive.

«Паводле слоў крыніц, Колінз Мнангагва нядаўна быў адпраўлены ў Беларусь на рэабілітацыю пасля таго, як ён нібыта ўцягнуўся ў наркотыкі, якімі, як сцвярджае яго сям'я, яго забяспечвала Тафірэніка», — сцвярджае выданне.

Паводле інфармацыі журналістаў, на наркотыкі Колінза Мнангагву падсадзіла яго другая жонка Келсі Тадзіва Тафірэніка.

5 жніўня 22‑гадовая дзяўчына паўстала перад судом для абрання меры стрымання па справе аб продажы наркотыкаў. Падчас вобшуку 4 жніўня паліцыя знайшла ў яе дома і ў машыне петыдзін, марфін і каноплі. Іх кошт ацанілі ў 204 даляры.

Паводле інфармацыі Zimlive, першая лэдзі Зімбабвэ Аксілія Мнангагва асабіста патрабавала арышту Тафірэнікі, а таксама мае намер дамагацца вяртання некалькіх дамоў, якія, як яна сцвярджае, дзяўчына набыла на грошы яе сына і без яго ведама.

Колінз Мнангагва быў у Беларусі мінімум адзін раз. У 2023 годзе ён прыязджаў у Мінск разам з маці і братам-блізнюком Шонам. Яны сустрэліся з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам і бізнэсменам Аляксандрам Зінгманам.

Колінз Мнангагва вучыўся ў Кітаі, а затым заснаваў кампанію па здабычы золата ZimCN Investments сумесна з кітайскім партнёрам. Мясцовыя СМІ абвінавачвалі сына прэзідэнта ў запалохванні суддзяў і кантрабандзе золата.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула