БЕЛ Ł РУС

У Венесуэле пачаліся перамовы паміж уладамі і апазіцыяй

7.08.2026 / 08:49

Nashaniva.com

Дыялог праходзіць пры падтрымцы ЗША.

Лідар партыі «Народная воля» Марк Кіньёнес, былая старшыня апазіцыйнага Нацыянальнага сходу Дзінора Фігера, старшыня Нацыянальнага сходу Хорхе Радрыгес і віцэ-старшыня Нацсходу Пэдра Інфантэ. Фота: Pedro Mattey / AP

У Каракасе пачаліся перамовы паміж часовым урадам Венесуэлы і прадстаўнікамі апазіцыі, накіраваныя на палітычны пераход і аднаўленне дэмакратычных інстытутаў у краіне.

Як піша CNN, перамовы стартавалі праз тыдзень пасля першапачаткова запланаванай даты — 1 жніўня. Дыялог праходзіць пры падтрымцы ЗША.

Урадавую дэлегацыю ўзначальвае старшыня Нацыянальнага сходу Венесуэлы Хорхе Радрыгес, брат в.а. прэзідэнта Дэлсі Радрыгес.

Апазіцыйны блок прадстаўляе былая дэпутатка Нацыянальнага сходу Дзінора Фігера. У склад дэлегацыі ўвайшлі былыя парламентарыі склікання 2015 года, якое раней прызнавалася ў ЗША легітымным.

Пры гэтым у перамовах не ўдзельнічаюць лідары апазіцыі Марыя Карына Мачада і былы кандыдат у прэзідэнты Эдмунда Гансалес Уруція. Абодва палітыкі знаходзяцца за межамі краіны і заявілі, што будуць сачыць за ходам дыялогу і спадзяюцца, што ён прывядзе да правядзення выбараў.

Чакаецца, што бакі абмяркуюць умацаванне дэмакратыі, гарантыі палітычных правоў, а таксама пытанні, звязаныя з аднаўленнем краіны пасля разбуральных землятрусаў у чэрвені.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула