БЕЛ Ł РУС

Сын дэпартаванага салдата арміі Андэрса з-пад Навагрудка адсудзіў $180 тысяч за пакуты бацькі ў савецкім лагеры

6.08.2026 / 20:04

Nashaniva.com

Ён патрабаваў ад Польшчы $1,6 мільёна, але суму кампенсацыі істотна зменшылі.

Жаўнеры Арміі Андэрса

Апеляцыйны суд у польскім Уроцлаве вырашыў, што: сын былога жаўнера Арміі Андэрса, дэпартаванага НКУС у 1951 годзе, атрымае ад польскай дзяржавы каля $179 тысяч кампенсацыі.

Гісторыя пачынаецца ў 1939-м. А. С., цясляр з-пад Навагрудка, трапіў у савецкі палон, прайшоў лагеры, а потым уступіў у Польскую армію генерала Андэрса — ваяваў у Італіі пад Монтэ-Касіна, быў паранены. У 1947‑м вярнуўся дадому. Здавалася б, вайна скончылася.

Але ў ноч на 1 красавіка 1951 года савецкія органы правялі масавую аперацыю супраць былых андэрсаўцаў: амаль 900 жаўнераў разам з сем'ямі — 4520 чалавек — дэпартавалі ў глыб СССР. Сярод іх апынуўся і А. С. з жонкай і дзецьмі, у тым ліку сынам Э. С., які пазней і падаў іск.

Наступныя 56 месяцаў — да снежня 1955 года — сям'я правяла ў лагеры прымусовай працы ў Свярдлоўскай вобласці. Драўляныя баракі, без пасцелі, без нармальнай медыцынскай дапамогі, цяжкая фізічная праца больш за 8 гадзін у дзень.

Сын жаўнера, спасылаючыся на закон аб рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій за незалежнасць Польшчы, патрабаваў ад дзяржаўнай казны амаль $1,5 мільёна кампенсацыі за маральныя пакуты бацькі і яшчэ каля $122 тысяч кампенсацыі за прымусовую працу без аплаты.

Акруговы суд ва Уроцлаве яшчэ ў лютым 2025‑га прызнаў права на кампенсацыю, але палічыў інакш — па $3200 за месяц, што ў суме дало прыблізна $180 тысяч. У кампенсацыі за працу суд адмовіў цалкам: сын у паказаннях сам прызнаў, што бацькі атрымлівалі за працу ў лагеры нейкую аплату — «трэба ж было неяк жыць».

Апеляцыя не пераканала суд другой інстанцыі. Суддзі ва Уроцлаве падкрэслілі, што сям'ю дэпартавалі разам — бацька не быў разлучаны з жонкай і дзецьмі, што само па сабе адрознівае яго лёс ад многіх іншых рэпрэсаваных. Ніякіх доказаў катаванняў, збіцця ці асабліва жорсткіх допытаў бок скаржніка так і не прадставіў, хоць менавіта на ім ляжаў абавязак гэта даказаць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула