БЕЛ Ł РУС

Трамп сказаў спонсарам, што бачыць Джэй Дзі Вэнса наступным прэзідэнтам ЗША

6.08.2026 / 14:17

Nashaniva.com

«У канчатковым рахунку, нам трэба абраць Джэй Дзі».

Фота: Chip Somodevilla/Getty Images 

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас прыватнай гутаркі з донарамі заявіў, што хацеў бы бачыць перамогу віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса на прэзідэнцкіх выбарах 2028 года, паведамляе The Washington Post спасылкай на дзве крыніцы.

«У канчатковым рахунку, нам трэба абраць Джэй Дзі», — прыводзіць выданне словы Трампа.

Паводле звестак WP, гэтая заява сведчыць пра гатоўнасць Трампа публічна падтрымаць Вэнса. Разам з тым, як адзначаецца ў матэрыяле, выказванне разыходзіцца з рыторыкай Трампа цягам апошняга года, калі ён публічна падаграваў канкурэнцыю за сваю прыхільнасць паміж Вэнсам і дзяржсакратаром Марка Рубіа.

Разам з тым шэсць іншых дарадцаў і саюзнікаў Трампа папярэдзілі, што яны не ўпэўненыя ў канчатковым выбары Вэнса, паказаўшы, што прэзідэнт ЗША агучвае розныя пазіцыі розным людзям і яшчэ можа перадумаць. Памочнікі Трампа, як піша газета, сыходзяцца ў меркаванні, што прэзідэнт адкладзе падтрымку, каб не выглядаць «кульгавай качкай».

Вэнс і Рубіа пакуль не заяўлялі пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Рубіа ўжо балатаваўся ў 2016 годзе, але выйшаў з гонкі пасля паразы на праймерыз ад Трампа.

Наступныя прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць у лістападзе 2028 года.

Згодна з 22‑й папраўкай да Канстытуцыі ЗША, прынятай у 1951 годзе, знаходжанне на пасадзе прэзідэнта абмежавана двума тэрмінамі. Яна была прынята пасля таго, як Франклін Рузвельт чатыры разы выйграваў выбары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула