БЕЛ Ł РУС

Сям'ю мядзведзяў сустрэлі ў Мядзельскім раёне

6.08.2026 / 13:34

Nashaniva.com

Мядзведжае сямейства сфатаграфаваў галоўны аграном сельгасфіліяла «Дзягілі» Міхаіл Адамовіч. Сустрэча адбылася непадалёк ад вёскі Мілты, піша narachanka.by.

Міхаіл быў у службовым аўтамабілі.

— Вёз абеды на поле механізатарам, — распавядае мужчына. — На дарозе ўбачыў мядзведзіцу з двума малымі. Не сказаць, што яны моцна ўцякалі. Проста збочылі з дарогі. Медзведзяняты пабеглі далей, а мядзведзіца яшчэ пазірала з травы.

Мядзведзяняты на фота выглядаюць вельмі міла.

А вось рэальная сустрэча з сямействам бурых драпежнікаў можа быць вельмі небяспечнай, кажа начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі нацпарка «Нарачанскі» Аляксандр Ярашэвіч.

— Самае галоўнае: ад мядзведзя нельга ўцякаць, бо ў яго можа прачнуцца інстынкт пераследу. Гэта звер вельмі магутны і бегае хутка. Ёсць нават прыказка: ад мядзведзя не ўцячэш.

Таму найлепшая сустрэча з ім тая, якая не адбылася.

У лесе трэба шумець, пераклікацца. Тады звер даведаецца аб вашым прысутнасці загадзя і сам будзе трымаць дыстанцыю.

А вось калі паводзіць сябе ціха, можна выпадкова сутыкнуцца з ім, напрыклад, у малінніку.

Калі мядзведзь заўважыў чалавека, важна захоўваць спакой. Убачылі мядзведзя першым — ціхенька сыходзіце, калі ён не глядзіць у ваш бок.

Калі ж звер блізка і заўважыў вас — не ўцякайце, не адварочвайцеся, не глядзіце яму ў вочы.

Ёсць рэкамендацыя падняць рукі ўверх — так вы будзеце здавацца яму вышэй.

Мядзведзь можа падысці бліжэй або ўстаць на заднія лапы, каб лепш вас разгледзець ці абнюхаць.

Гэта неагрэсіўныя паводзіны— не панікуйце, размаўляйце з ім нізкім спакойным голасам. У крайнім выпадку трэба абараніць сябе любымі спосабамі.

Калі пазбегнуць кантакту не ўдалося, падайце на зямлю і нерухома ляжыце на жываце ці скруціўшыся ў клубок. Звер зразумее, што небяспекі няма, і сыдзе.

Калі ж будзе агрэсіўна нападаць, выкарыстоўвайце ўсе магчымыя спосабы абароны, уключаючы пярцовыя балончыкі або іншыя спрэі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула