У ліпені Расія яшчэ больш павялічыла закупкі паліва ў Беларусі
Расія рэзка павялічыла закупкі беларускіх нафтапрадуктаў на фоне дэфіцыту паліва, які захаваецца на расійскім рынку. Паводле інфармацыі Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне, у ліпені Беларусь устанавіла новы рэкорд па чыгуначных пастаўках бензіну і дызельнага паліва ў Расію.
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод
За месяц пастаўкі аўтамабільнага бензіну з беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў выраслі на 13% у параўнанні з чэрвенем і склалі каля 212 тысяч тон. Адгрузкі дызельнага паліва павялічыліся прыкладна ўдвая — да 162 тысяч тон. Акрамя таго, у Расію было пастаўлена каля 13,1 тысячы тон авіяцыйнай газы супраць 16 тысяч тон месяцам раней.
Усяго за студзень—ліпень 2026 года пастаўкі бензіну з Беларусі на расійскі рынак павялічыліся ажно ў 25 разоў і дасягнулі каля 665 тысяч тон. Аб'ём паставак дызельнага паліва за гэты ж перыяд вырас у 6,5 раза — да 418 тысяч тон.
Адной з галоўных прычын гэтага стала зніжэнне ўласнай вытворчасці на расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах пасля атак ўкраінскіх беспілотнікаў. Да пачатку ліпеня выпуск бензіну ў Расіі скараціўся прыкладна да 65% ад сярэдняга ўзроўню ўнутранага спажывання, а вытворчасць дызельнага паліва амаль зраўнялася з патрэбамі ўнутранага рынку.
У сувязі з гэтым расійскія ўлады забаранілі экспарт дызельнага паліва для вытворцаў, падоўжыўшы дзеянне абмежавання да 31 жніўня, а таксама заявілі пра намер арганізаваць імпарт маторнага паліва.
Беларусь, якая мае два нафтаперапрацоўчыя заводы — у Наваполацку і Мазыры — з агульнай праектнай магутнасцю каля 24 мільёнаў тон нафты ў год, раней заяўляла пра гатоўнасць часткова кампенсаваць страты расійскай перапрацоўкі. Яшчэ восенню мінулага года паведамлялася, што на беларускіх НПЗ пачалі перапрацоўваць расійскую давальніцкую нафту, а атрыманыя нафтапрадукты будуць пастаўляцца як на расійскі рынак, так і на экспарт.
Чытайце таксама:
УСУ нанеслі ўдар па НПЗ ва Уфе
З серады на адну капейчыну падаражэе бензін
Украінскія атакі на расійскія НПЗ сталі больш эфектыўнымі дзякуючы новай тактыцы