Зяленскі: Тэмпы перадачы Украіне ракет да Patriot сёлета скараціліся ў тры разы
Пры гэтым у партнёраў на складах усё яшчэ застаюцца гэтыя боепрыпасы, кажа прэзідэнт Украіны.
Фота: тг-канал Уладзіміра Зяленскага
Сёлета ва Украіну значна скараціліся пастаўкі супрацьбалістычных ракет ад партнёраў. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, піша УНІАН.
«Колькасць ракет для супрацьпаветранай абароны ў пастаўках скарацілася ў тры разы, калі параўноўваць з 2025 годам. І гаворка ідзе не толькі пра летні перыяд, а пра ўсе перыяды першага паўгоддзя 2026 года. Ракеты ў партнёраў ёсць. Важна, каб усё ж былі прынятыя неабходныя палітычныя рашэнні адносна паставак і паскарэння вытворчых працэсаў, у тым ліку лакалізацыі ва Украіне. Гэта тое, што можа істотна падтрымаць не толькі нашу краіну, але і глабальную абарону жыцця», — сказаў Зяленскі па выніках сустрэчы з украінскімі вайскоўцамі.
Прэзідэнт таксама дадаў, што абмеркаваў з вайскоўцамі і спецслужбамі прыярытэты адносна далёкіх удараў па Расіі.
«Працягваюцца аперацыі супраць расійскіх нафтавых аб’ектаў і перапрацоўкі. Кошт зацягвання вайны для агрэсара будзе павялічвацца. Важна, каб санкцыі партнёраў супраць Расіі ўзмацнялі нашы магчымасці далёкага ўздзеяння. Будзем гаварыць пра гэта з ключавымі дзяржавамі. Ёсць рэчы, якія варта дадаткова рэалізаваць у санкцыйнай палітыцы», — дадаў Зяленскі.
Раней Financial Times паведаміла, што Дональд Трамп адмовіў Зяленскаму ў просьбе перадаць Украіне сотні ракет да сістэм Patriot. Кіраўнік Белага дома патлумачыў гэта рашэнне недахопам супрацьбалістычных ракет на складах у ЗША, а таксама неабходнасцю іх выкарыстання амерыканскімі войскамі на Блізкім Усходзе.
Адзначаецца, што падчас чарговай балістычнай атакі Расіі ў ноч на 5 жніўня расійскія войскі выкарысталі амаль тры дзясяткі ракет. Паводле даных Паветраных сіл Украіны, украінскія абаронцы не збілі ніводнай з іх.