Дрон з выбухоўкай знайшлі каля ўкраінскага грузавога самалёта ў аэрапорце Лейпцыга
Незадоўга да апоўначы 5 жніўня ў аэрапорце Лейпцыга на зямлі быў выяўлены беспілотнік. Да яго быў прымацаваны груз — невядомы прадмет з дэтанатарам.
Следчыя мяркуюць, што гэта можа быць выбуховае прыстасаванне, піша Bild.
Беспілотнік з дэтанатарам знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад украінскага грузавога самалёта тыпу Antonov. Нямецкая паліцыя накіравала на месца сапёраў і планавала правесці кантраляваны падрыў БПЛА. Паводле інфармацыі Bild, быў задзейнічаны дыстанцыйна кіраваны робат-сапёр. Ці быў у выніку здзейснены падрыў, пакуль невядома.
Пасля выяўлення дрона аэрапорт прыпыніў палёты да 1:55. Адзін грузавы самалёт быў вымушаны пайсці на другі круг. Неўзабаве пасля гэтага прыкладна за 6 кіламетраў ад аэрапорта на вышыні каля 400 метраў ён сутыкнуўся з пакуль неўстаноўленым аб'ектам.
Самалёт прызямліўся ў Гановеры, дзе былі выяўлены нязначныя пашкоджанні ў пярэдняй частцы.
Паліцыя не выключае, што гэта мог быць акт дыверсіі. Вядзецца пошук аператара беспілотніка.