БЕЛ Ł РУС

Жыхара Смаленска пакаралі за каментары пра неабходнасць далучэння горада да Беларусі

4.08.2026 / 13:04

Nashaniva.com

35‑гадовы Дзмітрый пісаў «Укантакце» пра тое, што трэба вызваляць Смаленск.

Дзмітрый Тузаў. Фота: «УКантакце»

Жыхар Смаленска Дзмітрый Тузаў перыядычна дзяліўся сваім меркаваннем у суполцы «Падслухана Смаленск» «УКантакце». Прэтэнзіі ў расійскіх сілавікоў узніклі да трох яго каментароў.

У адным з іх, як сцвярджае экспертыза, Дзмітрый станоўча ацэньваў выхад Смаленска са складу Расіі і ўваходжанне ў склад Беларусі, «сцвярджаючы неабходнасць такога становішча спраў». У другім каментары гаварылася пра вызваленне Смаленска, у выніку якога горад перастаў бы знаходзіцца ў складзе Расіі. Яшчэ адзін каментар суд палічыў выказваннем «гвалтоўнага, варожага характару» ў дачыненні да супрацоўнікаў ФСБ і Уладзіміра Пуціна.

У судзе Тузаў прызнаў віну і раскаяўся. Ён патлумачыў, што намер пісаць такія каментары ў яго ўзнік з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну (у пастанове яно названае «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») і што рабіў ён гэта дзеля рэакцыі карыстальнікаў.

Смаленск. Фота: Wikimedia Commons

Ленінскі раённы суд Смаленска прызнаў Тузава вінаватым у «публічных заклікаx да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі» (ч. 2 арт. 20.3.2 КаАП РФ) і аштрафаваў яго прыкладна на $775. Гэта мінімальны штраф, прадугледжаны санкцыяй артыкула.

Пры гэтым у пастанове адзначаецца, што за тыя ж публікацыі супраць Тузава заведзеная і крымінальная справа — пра публічныя заклікі да тэрарыстычнай дзейнасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула