БЕЛ Ł РУС

Якія льготы страцяць жыхары Гомеля праз вывад горада з чарнобыльскай зоны

4.08.2026 / 11:33

Nashaniva.com

Харчаванне, санаторыі, дэкрэтны адпачынак — страчаныя льготы згадвае «Флагшток». 

Гомель выключылі з пераліку населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. Адпаведную пастанову ўрада Беларусі падпісаў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, паведаміў 3 жніўня Савет міністраў.

Пасля абнаўлення пераліку населеных пунктаў і аб'ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, «чыстымі», акрамя Гомеля, сталі таксама Лельчыцы, Лунінец, Іўе і яшчэ 173 населеныя пункты.

Савет міністраў пастанавіў лічыць, што больш за 566 тысяч чалавек адгэтуль жывуць не ў забруджанай зоне.

Пасля абнаўлення пераліку ў зонах радыеактыўнага забруджвання засталіся 1845 населеных пунктаў (-177), у якіх пражывае 364,2 тыс. чалавек (-566,4), і 33 аб'екты (-16).

У красавіку 2025 года Аляксандр Лукашэнка задаўся пытаннем:

«Чым жа мы тады займаліся 30 гадоў, калі ў нас 900 тысяч пражываюць на забруджаных тэрыторыях? (…) Чаго вы дагэтуль называеце лічбы, якія былі 40 гадоў таму? Трэба прыводзіць (як бы гэта ні было папулярна ці непапулярна) у адпаведнасць [з рэчаіснасцю]».

З гэтага можа вынікаць, што ўрад рыхтаваў пастанову па патрабаванні Лукашэнкі. Аднак прама пра гэта не гаворыцца.

У апублікаванай афіцыйнай інфармацыі сцвярджаецца, што аналіз вынікаў праведзенай у 2021‑2025 гадах Мінпрыроды і Мінздароўя працы па абследаванні забруджаных тэрыторый з адборам проб глебы і ацэнцы дозавых нагрузак на насельніцтва паказаў «значнае паляпшэнне абстаноўкі ў асобных населеных пунктах на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях».

І адзначаецца, што па ўзгадненні з Лукашэнкам уступленне ў сілу пастановы прадугледжваецца з 1 студзеня 2027 года, а ільготы на бясплатнае харчаванне захоўваюцца да чэрвеня 2027 года для непаўналетніх дзяцей, якія пражываюць і (або) навучаюцца ва ўстановах адукацыі, размешчаных на тэрыторыях, што выводзяцца з катэгорыі забруджаных.

Такім чынам, харчаванне ў школах будзе бясплатным для гамяльчан яшчэ на працягу наступнага навучальнага года. А пра астатнія ільготы «чарнобыльцаў» у інфармацыі ўрада нічога не сказана. Значыць, гэтыя ільготы перастануць дзейнічаць ужо з 1 студзеня 2027 года, пасля ўступлення пастановы ў сілу.

Якія яшчэ страты самыя адчувальныя для гамяльчан, акрамя бясплатнага харчавання школьнікаў і 50‑працэнтнай аплаты за харчаванне ў дзіцячых садках?

Гэта ільготнае санаторна-курортнае лячэнне, першачарговае прадастаўленне месцаў у інтэрнатах для студэнтаў з Гомеля, пераважнае права на залічэнне ва ўстановы адукацыі.

Таксама цяжарныя жанчыны перастануць мець права на адпачынак па цяжарнасці і родах з 27‑га тыдня працягласцю 146 каляндарных дзён. Для іх будуць дзейнічаць агульныя правілы заканадаўства.

Новыя пасведчанні пацярпелага ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС па падставе пражывання ў Гомелі больш афармляцца не будуць. Але да 1 студзеня, верагодна, яшчэ можна паспець атрымаць чарнобыльскае пасведчанне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула