У Косаве злавілі двух беларусаў, якія нелегальна прыйшлі з Албаніі праз горы
Тры месяцы іх трымалі за кратамі. Разам з імі быў расіянін з падробленым пашпартам і албанец-праваднік.
Прызрэн. За дзясятак кіламетраў ад яго беларусы перабіраліся праз мяжу. Фота: wikimedia.org
Суд у косаўскім Прызране прызнаў вінаватымі двух грамадзян Беларусі — Аляксандра Падгайскага і Паўла Пятрова — а таксама расіяніна Дзмітрыя Кірыліна ў незаконным перасячэнні мяжы Косава.
Падгайскі — будаўнік родам з Мядзела, жыў у Мінску. Пятроў родам з Магілёва, з вышэйшай адукацыяй, працаваў будаўніком у Маскве.
Раніцай 10 лютага 2026 года яны перайшлі з Албаніі ў Косава горнымі сцежкамі, абмінуўшы афіцыйны пункт пропуску. На косаўскім баку іх чакаў на аўтамабілі албанец, які загадзя растлумачыў ім маршрут праз горы.
Яны нават паспелі ад'ехаць кіламетраў 60 ад мяжы і набліжаліся да цэнтру краіны, як машыну спыніў дарожны патруль. Дакументаў на ўезд і знаходжанне ў Косаве ні ў каго з трох пасажыраў не аказалася.
У Кірыліна, які прадставіўся альпіністам з Масквы, знайшлі яшчэ адну праблему: ягоны расійскі пашпарт быў часткова падроблены.
Усе чацвёра правялі ў следчым ізалятары амаль тры месяцы — з 10 лютага да дня прысуду, 6 мая 2026 года.
На судзе ўсе прызналі віну. Абвінавачаныя запэўнівалі, што не хацелі нашкодзіць Косаву, а мяжу пераходзілі, «каб вярнуцца дадому», ды абяцалі больш не парушаць закон. Суддзя прызначыла кожнаму 86 дзён зняволення — роўна столькі, колькі яны ўжо адседзелі. Расіянін за падроблены пашпарт дадаткова заплаціць 2000 еўра.
Пасля прысуду Падгайскага, Пятрова і Кірыліна збіраліся дэпартаваць — даставіць іх да мяжы з Сербіяй, бо менавіта там яны легальна знаходзіліся апошні раз.