БЕЛ Ł РУС

Беларус пешкі ідзе 3000 кіламетраў з Варшавы да Іспаніі — гатовы ночыць у лесе і мыцца ў рэчцы

4.08.2026 / 11:45

Міра Нікановіч

Папулярная гісторыя ў Еўропе — правесці адпачынак на паломніцкай сцежцы Каміна, што вядзе да іспанскага горада Санцьяга-дэ-Кампастэла. Большасць хадакоў ледзь адольваюць на ёй 100‑200 км, але віцябчук Яўген Гуцалаў зладзіў сабе маршрут проста з Варшавы — адолее больш за тры тысячы кіламетраў.

Скрын з відэа: _beardedwanderer / Instagram

Яўген распачаў свой шлях 25 ліпеня. Дэталямі паходу ён дзеліцца ў трэдсах.

«Ніхто ў цвярозым розуме так не робіць, а я раблю. Сёння я стартую з Варшавы пешшу да Санцьяга-дэ-Кампастэла. ​

Пакуль усе абмяркоўваюць маршруты па Партугаліі на 200 км, я вырашыў лупануць праз некалькі краін і тысяч кіламетраў. ​Закінуў заплечнік на плечы, зашнураваў боты і пайшоў».

Фота: _beardedwanderer / Instagram

Гэта не першае вялікае пешае падарожжа Яўгена. У 2024‑м ён выйшаў у шлях з Вены да Стамбула даўжынёй 2500 км — тую сцежку называюць шляхам султана Сулеймана. У 2019‑м Яўген прабег Беларусь з поўначы на поўдзень, што складае 650 км. Але ў 2021‑м беларускія сілавікі завялі на мужчыну крыміналку за «знявагу дзяржаўных сімвалаў», і з таго часу Гуцалаў асвойвае замежныя маршруты.

Посмотреть в Threads

У цяперашняй вандроўцы ён праходзіць прыкладна 35‑45 км штодзень і плануе рабіць перапынкі на суткі кожныя 7‑-10 дзён, каб не здарожыцца на нішто. Яўген ужо прайшоў польскі горад Чанстахову і, калі нічога яму не перашкодзіць, днямі дойдзе да Уроцлава.

У заплечніку Яўген носіць намёт і ўсё астатняе, што можа спатрэбіцца для начлегу ў экстрэмальных умовах. Часам яму трапляюцца людзі, гатовыя пакарміць ці даць прытулак. 

Напрыклад, у адзін з вечароў на маршруце Яўген вырашыў разбіць намёт ля касцёла. Спачатку было цяжка зразумець, ці дазволяць яму гэта зрабіць:

«Хачу разбіць намёт побач з касцёлам, але няма ксяндза на месцы. Працуе канцылярыя, спытаў у пані — яна сказала, што такога дазволу не можа даць. Маўляў, пачакай паўгадзіны».

Але вечар скончыўся добра, бо святар выдзяліў Яўгену пакой, каб пераночыць. А потым яшчэ і прыгатаваў яму вячэру ды сняданак. Дарэчы, пра ежу — яна ў Яўгена бывае розная: ад грэчкі з цукрам, прыгатаванай ля намёта, да кебаба, які Яўген пабачыў у сне, а потым атрымаў на яго грошы ад падпісчыкаў.

Яўген непераборлівы. Пасля доўгага шляху ён можа паставіць намёт у лесе і памыцца ў рэчцы, а калі над галавой ёсць дах альтанкі, то і ўвогуле цудоўна. 

Часам, аднак, умовы на маршруце ледзь не экстрэмальныя. Нават летам надвор’е ўскладняе шлях — Яўген трапляў і пад дажджы, і ў экстрэмальную спёку. Вось што ён кажа ў адным з відэа:

«Сёння +38. Ісці вельмі складана, крышачку ратуе мокры баф (шалік асаблівай формы — НН) на галаве або на шыі. І, вядома, цень».

Наступны дзень, аднак, аказаўся яшчэ больш складаным:

«Зняў гадзіннік і павесіў на дрэва — праз пару хвілін ён паказаў +38°C, а на руцэ пад сонцам было ўсе +46°C. ​Перабягаў ад ценю да ценю і глытаў ваду літрамі. Думак у галаве нуль, мозг проста адключыўся. ​

На адным з прыпынкаў узяў іголку і зашыў свае красоўкі. Яны просяцца на сметнік, але не, вы яшчэ папрацуеце, родныя. ​Спякота забіла нават электроніку, гадзіннік стаміўся лічыць кіламетры, завіс і проста выключыўся. Навігатар зафіксаваў 36,57 км, але я дакладна ведаю, што свае 40+ сёння адтарабаніў».

Посмотреть в Threads

У каментарах Яўгена запыталі, якая ў яго матывацыя. Мужчына адказаў коратка — маўляў, яму проста падабаецца вывучаць гэты свет.

Але па яго пастах падаецца, што не менш ён спазнае ў шляху самога сябе:

«Каміна — гэта не пра камерцыйныя туры і не пра гучныя хэштэгі, гэта глыбокая адзінота і сустрэча з сабой. Калі бачу пасты пра арганізаваныя паходы, разумею, што сапраўдны Шлях пачынаецца там, дзе застаешся толькі ты, твой заплечнік і твая цішыня. Гэта прастора для роздуму, дзе кожны крок — гэта крок да сябе».

З 25 ліпеня, калі пачалася вандроўка, беларус прайшоў 416 км. Цяпер Яўген на сцежцы, якая выведзе яго да мяжы з Германіяй:

«За ​гэтыя дзесяць дзён было ўсё — спёка пад +40°C, ночы пад навальніцай у альтанцы, зашытыя на калене красоўкі і кебабы ў снах. Але галоўнае, што ногі ідуць, а тэмперамент не знікае. ​Першы вялікі адрэзак пройдзены, наперадзе нямецкія дарогі і той самы шлях на Санцьяга».

Чытайце таксама:

«Людзі з Тайваня і Карэі пыталіся, дзе знаходзіцца Беларусь». Актывістка прайшла сотні кіламетраў па Іспаніі з расказам пра палітвязняў

Беларуская журналістка прайшла 140 кіламетраў па Іспаніі і расказала навошта

У Аўстраліі вярнулі кнігу ў бібліятэку праз 150 гадоў пасля таго, як яе адтуль узялі

Каментары да артыкула