БЕЛ Ł РУС

«Парк медыцыны» з'явіцца ў Партызанскім раёне

3.08.2026 / 08:24

Nashaniva.com

«Парк медыцыны» ў верасні адкрыюць у Партызанскім паблізу Сляпянскай воднай сістэмы — насупраць 6‑й бальніцы і 14‑й паліклінікі, пішуць «Мінск-Навіны».

— Парк, які размясціўся ў адным з самых маляўнічых куткоў раёна, мае ўражлівую плошчу — 9,58 га. На гэтай тэрыторыі стварылі разгалінаваную сетку пешаходных дарожак працягласцю больш за 4 км. Новая зона адпачынку займае 2,77 га, — расказалі ў раённым «Зелянбудзе». 

Работнікі арганізацыі кажуць, што прыклалі нямала намаганняў, каб ператварыць «Парк медыцыны» ў зялёны аазіс. 

— Традыцыйна праходзіць творчы конкурс «Найлепшая лавачка ад прадпрыемстваў Партызанскага раёна». Дзякуючы гэтай ініцыятыве на тэрыторыі з'явіліся 23 арыгінальныя лавачкі. Акрамя таго, дадаткова замянілі яшчэ 21 такі прадмет садова-паркавай мэблі, — дадалі ў раённым «Зелянбудзе».

Спорт і асвета

Уздоўж прагулачных маршрутаў размясцілі 27 інфармацыйных стэндаў на медыцынскую тэматыку.

Для прыхільнікаў актыўнага адпачынку абсталявана спартыўная зона. Спецыялісты ўстанавілі дзесяць вулічных трэнажораў, а таксама адрамантавалі наяўныя прылады і дадалі новыя на дзеючай варкаўт-пляцоўцы. 

Спецыяльна абсталяваных маршрутаў для веласіпедыстаў у гэтай лакацыі не прадугледжана, аднак хапае дарожак для перасоўвання на іх. 

Для тых, хто шукае адзіноты і цішыні, на краі адхону ўстанавілі ўтульную альтанку. З яе адкрываецца цудоўны від на Сляпянскую водную сістэму.

Перспектывы

У Партызанскім ужо ўпарадкавалі тры экасцежкі — «Лясное возера», «Сасновы бор» і «Лясное царства». У агляднай будучыні ў Партызанскім сфарміруюць яшчэ зону адпачынку «Сямейны адпачынак». 

Для юных наведвальнікаў арганізуюць гульнявую пляцоўку і ўсталююць інтэрактыўныя стэнды, якія дапамогуць дзецям спазнаваць свет. Паставяць арэлі ўздоўж вады.

У зімовы перыяд тут упарадкуюць спецыяльную пляцоўку для катання на санках і цюбінгах.

Завяршыць працы і прэзентаваць новую зону адпачынку плануюць да 12 верасня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула