БЕЛ Ł РУС

У Гданьску кіроўца аўтобуса з Беларусі і рабочы верфі з Украіны выратавалі пажылую пару ад нападніка

2.08.2026 / 11:57

Nashaniva.com

У Гданьску кіроўца гарадскога аўтобуса з Беларусі і рабочы судабудаўнічай верфі з Украіны прыйшлі на дапамогу пажылым сужэнцам, на якіх напаў агрэсіўны мужчына. Яны аказалі пацярпелым дапамогу і ўтрымлівалі нападніка да прыезду паліцыі, піша Trojmiasto.online. 

Барыс Мацвяйчук. Фота: Trojmiasto.online

Інцыдэнт здарыўся ў ліпені. Пажылая пара кіравалася ў бальніцу на абследаванне, калі на іх напаў невядомы мужчына. Ён ударыў жанчыну бутэлькай па галаве, а яе мужа штурхнуў на праезную частку.

Сведкам нападу стаў Руслан, рабочы судабудаўнічай верфі з Украіны. Ён першым кінуўся на дапамогу. Да яго далучыўся Барыс Мацвяйчук — кіроўца гарадскога аўтобуса, які прыехаў у Польшчу з Беларусі.

Мужчыны не толькі дапамаглі пацярпелым, але і затрымалі нападніка да прыезду паліцыі.

Барыс Мацвяйчук працуе кіроўцам аўтобуса №283. Маршрут праходзіць побач з Універсітэцкім клінічным цэнтрам, таму ім часта карыстаюцца пацыенты бальніцы.

Пасля здарэння пані Гражына, пацярпелая жанчына, звязалася з транспартнай кампаніяй GAiT і папрасіла перадаць Барысу падзяку ад сябе і мужа. У лісце яна выказала яму глыбокую павагу за дапамогу і чалавечы ўчынак.

Мацвяйчук працуе ў GAiT каля двух гадоў. У Польшчу ён прыехаў з Беларусі ў 2015 годзе. Некаторы час жыў у Швецыі, аднак пазней вырашыў спыніцца ў Труймясце, куды раней пераехаў яго брат.

Да працы ў GAiT Барыс займаўся будаўнічым бізнэсам і аўтамайстэрнямі.

Паводле слоў мужчыны, падчас суразмоўя ў GAiT яго спыталі, як ён будзе паводзіць сябе ў стрэсавай сітуацыі. Тады ён не змог адразу даць гатовы адказ. Цяпер, кажа Барыс, адказ ён даў сваім учынкам.

Нядаўна Мацвяйчук атрымаў польскае грамадзянства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула