БЕЛ Ł РУС

Старыя карпусы завода «Луч» у Мінску перабудуюць пад бізнэс-цэнтр і медкомплекс. Праект вынесены на абмеркаванне

2.08.2026 / 09:11

Nashaniva.com

У адміністрацыі Першамайскага раёна стартавала грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі старых карпусоў завода «Луч». На змену прамысловым пабудовам абяцаюць сучасны шматфункцыянальны комплекс, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Згодна з матэрыяламі, апублікаванымі на сайце раённай адміністрацыі, рэканструкцыя закране два будынкі: трохпавярховы вытворчы корпус (пр. Незалежнасці, 95) і размешчаны побач аднапавярховы склад. На іх месцы плануецца ўзвесці новы сяміпавярховы офісны комплекс і профільны медыцынскі цэнтр.

Плошча будучага бізнес-цэнтра складзе 5 219 кв. м. Яго першы ярус з пяціметровымі столямі адвядуць пад гандлёвую зону (291 кв. м) і медыцынскі блок.

Офісы і адміністрацыйныя памяшканні зоймуць узроўні з другога па сёмы. На трэцім і шостым паверхах запраектаваны канферэнц-зала і дзве выставачныя пляцоўкі па 170 квадратаў кожная. 

Суседні склад хімікатаў таксама чакае перабудова — яго адаптуюць пад медцэнтр са стаматалагічнымі лабараторыямі (224 кв. м). 

Для гасцей і работнікаў комплексу арганізуюць 78 парковачных месцаў, а таксама дапоўняць тэрыторыю газонамі і зялёнымі насаджэннямі.

Публічныя абмеркаванні праекта працягнуцца да 10 жніўня ўключна. Заўвагі і прапановы з абавязковай паметкай «грамадскае абмеркаванне» неабходна накіраваць па паштовым або электронным адрасе (220012, г. Мінск, зав. Кузьмы Чорнага, 5, каб. 306; perv.arhit@minsk.gov.by).

Вынікі падвядуць на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічага Савета пры галоўным архітэктары горада Мінска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула