БЕЛ Ł РУС

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі

1.08.2026 / 10:45

Nashaniva.com

Экс-палітвязень кажа, што яшчэ седзячы ў турме вырашыў стварыць такі канал. Сёння ён яго прэзентаваў.

Ночь, улица, фонарь, аптека,
Бесcмысленный и лживый бред.
Живи ещё хоть четверть века — 
Всё будет так, исхода нет.
Откинешься, начнёшь сначала,
И повторится всё как встарь:
Название ютуб-канала,
Аптека, улица, фонарь.

Так Ціханоўскі прэзентаваў свой канал з адсылкай на вядомы верш пачатку ХХ стагоддзя Аляксандра Блока «Ночь, уліца, фонарь, аптека». 

Ён кажа, што, яшчэ седзячы ў турме ў 2023 годзе, вырашыў стварыць канал для сваіх вершаў. «Вершы — гэта люстэрка душы, я запрашаю ўсіх зазірнуць мне ў душу», — заклікаў экс-палітвязень.

Наступным відэа стала «Новая беларуская казка», напісаная ў 2023 годзе.

На відэа Ціханоўскі ідзе па лесе. Магчыма, гэта ваколіцы Лос-Анджэлеса, дзе цяпер жыве муж Святланы Ціханоўскай.

«Даўным-даўно, у нейкім царстве, 375‑м гаспадарстве, жыў сабе чароўны народзец, падобны да іншых, але выродзец. А выродства было ў тым, што быў пазбаўлены свабоды», — пачынае аповед экс-палітвязень.

Сяргей Ціханоўскі, нагадаем, правёў за кратамі пяць гадоў, выйшаў на волю ў чэрвені 2025 года па памілаванні, нейкі час жыў у Вільні, а потым перабраўся ў ЗША, нейкі час жыў з дзецьмі ў Маямі, а потым пераехаў у Лос-Анджэлес. 

«Сёння ў Лос-Анджэлесе я вывучаю англійскую мову, рыхтуюся да паступлення ва ўніверсітэт, пішу кнігу і займаюся творчасцю. Я таксама ўдзячны ўсім, хто падтрымаў мяне пасля вызвалення. Адаптацыя да жыцця на волі — гэта няпростае выпрабаванне. Кожны новы дзень нагадвае мне, наколькі каштоўныя сям'я, свабода і магчымасць гаварыць праўду», — расказваў ён.

Дзеці — Карней і Агнія — цяпер жывуць са Святланай Ціханоўскай у Варшаве.

Чытайце таксама:

Сяргей Ціханоўскі перабраўся жыць у Лос-Анджэлес

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве

Каментары да артыкула