БЕЛ Ł РУС

Прарыў мараканцаў у Сеуту: што гэта было? Ці магла гэта быць тонкая помста Вашынгтона Мадрыду? І ці адаб’ецца на легалізацыі беларусаў?

31.07.2026 / 23:43

Аляксей Лявончык

Выглядае, што гэта была гібрыдная адплата Марока за збліжэнне Іспаніі з канкурэнтам Рабата ў барацьбе за Заходнюю Сахару — Алжырам, тлумачыць Аляксей Лявончык. І наўрад ці нешта большае, бо аналагічная сітуацыя ўжо мела месца ў 2021-м. А вось якія будуць наступствы гэтым разам?

30 ліпеня тысячы мігрантаў прарваліся на тэрыторыю іспанскага анклава Сеута, які знаходзіцца на афрыканскім узбярэжжы Марока. Фота AP Photo/Antonio Sempere

У чацвер 30 ліпеня тысячы мігрантаў прарваліся на тэрыторыю іспанскіх анклаваў Сеута і Мелілья, якія знаходзяцца на афрыканскім узбярэжжы Марока. Паводле ацэнак мясцовых улад, мяжу перасеклі да 60 тысяч чалавек, паводле цэнтральнага ўрада — да 40 тысяч. Якой бы ні была лічба, яна ў разы перавышае апошні рэкордны прарыў 2021 года, калі ў Сеуту трапілі да дзесяці тысяч чалавек. Па стане на вечар пятніцы больш за трыццаць пяць тысяч вярнуліся назад у Марока.

Што такое Сеута і Мелілья?

Сеута і Мелілья — два анклавы Іспаніі, якія знаходзяцца на афрыканскім кантыненце і мяжуюць з Марока. Іспанская прысутнасць там налічвае сотні гадоў, прэтэнзія ж Рабата на іх абапіраецца на тое, што гарады знаходзяцца на афрыканскім кантыненце і таму мусяць належаць Марока. Мадрыд гэтай прэтэнзіі не прызнае, і жыхары анклаваў неаднаразова выказваліся за тое, каб застацца часткай Іспаніі.

Чаму і як адбылося ўварванне мігрантаў у Сеуту?

Гэтае ўварванне — не першае. У 2021 годзе дзесяць тысяч нелегалаў ўжо былі прарываліся ў Сеуту. Асобныя інцыдэнты падобнага кшталту адбываліся і раней. Нягледзячы на тое, што наземная мяжа з Марока ўмацаваная шматметровай агароджай і ўзмоцненай прысутнасцю памежнай паліцыі, мігранты могуць прыплываць морам, амінаючы хвалярэз на мяжы каля пляжа Тарахаль.

Каб пазбегнуць апошняга, Іспанія абапіралася на супрацоўніцтва з мараканскім бокам, што давала плён: нягледзячы на адносную простасць трапляння ў анклаў морам, паток нелегалаў быў невялікі, бо амаль усіх разварочвалі мараканцы. Але абодва інцыдэнты масавага ўварвання суправаджаліся паведамленнямі пра тое, як «мараканскія памежнікі проста стаялі і назіралі».

Шырока прынята версія, што інцыдэнт 2021 года быў рэакцыяй на згоду Мадрыда прыняць Брагіма Галі на лячэнне ад кавіду. Брагім Галі — кіраўнік так званага Фронту Палісарыё, які змагаецца за незалежнасць Заходняй Сахары, якую Рабат лічыць часткай Марока.

Праз некалькі тыдняў пасля пераводу Галі ў іспанскі шпіталь тысячы мігрантаў прарваліся ў Сеуту пры відавочным бяздзеянні мараканскіх улад. Апошнія так і не прызналі сваёй адказнасці за гэта, аднак пра іх спрыянне сведчыць шэраг драбнейшых інцыдэнтаў, якія адбыліся пасля вялікага прарыву. Паток мігрантаў амаль спыніўся толькі тады, калі ў 2022 годзе Мадрыд пагадзіўся з мараканскай прапановай аб аўтаноміі для Заходняй Сахары.

Цалкам імаверна, што рэкордны прарыў 30 ліпеня стаў рэакцыяй Рабата на пацяпленне адносін паміж Мадрыдам і адвечным канкурэнтам Марока — Алжырам, які падтрымлівае незалежнасць Заходняй Сахары. Інцыдэнт 2021 года быў таксама звязаны з гэтай тэрыторыяй.

Дадатковы штуршок падзеям магло даць нядаўняе рашэнне Нацыянальнага суда Іспаніі, якое забараняла аўтаматычную высылку мігрантаў назад у Марока, калі яны нелегальна перасяклі мяжу з Сеутай.

Што будзе далей з мігрантамі ў Сеуце?

Мадрыд накіраваў армію, якая ўзмоцніць ахову мяжы. Большая частка прыбылых ужо вярнулася ў Марока добраахвотна. Далей дыпламатыя будзе вырашаць, наколькі часта паўтараюцца падобныя інцыдэнты (як я пісаў — такі наплыў магчымы толькі пры спрыянні Рабата). Але, нягледзячы на жаданне апошняга выкарыстоўваць мігрантаў як рычаг уплыву па Заходняй Сахары, Мадрыд мае магутны візавы рычаг: як некалі Францыя, Іспанія можа істотна скараціць выдачу віз грамадзянам краіны, якая спрыяе нелегальнай міграцыі. Хоць, хутчэй за ўсё, да такога не дойдзе: апрача гэтых двух выпадкаў супрацоўніцтва паміж памежнікамі дзвюх краін было выдатным.

Далей: Марока ўключанае ў спіс бяспечных краін ЕС, што азначае імгненную (літаральна) высылку нелегалаў назад у адпаведнасці з палажэннямі Пакта аб міграцыі, які набыў моц сёлета. Да таго ж, Сеута не з'яўляецца часткай Шэнгенскай зоны, што робіць немагчымым далейшы транзіт прыбылых у Еўрасаюз.

Ці магла б гэта быць помста Вашынгтона Мадрыду?

Ці магла б гэта быць правакацыя Вашынгтона, каб адпомсціць Мадрыду за крытыку аперацыі ў Іране і заадно наглядна прадэманстраваць жахі бескантрольнай міграцыі?

Тэарэтычна так: Джэй Дзі Вэнс разам з Трампам ужо выказаліся наконт сітуацыі і дакладна будуць выкарыстоўваць іх у перадвыбарнай агітацыі. Прэм'ер Іспаніі, сацыяліст Педра Санчэс даўно быў аб'ектам іх нападак; яны сталі асабліва рэзкімі пасля забароны на выкарыстанне баз у Іспаніі для атак па Іране. Аднак сувязі паміж Рабатам і Вашынгтонам не настолькі шчыльныя, каб першы рызыкаваў адносінамі з суседняй Іспаніяй. Хутчэй за ўсё, тут выключна пытанне Заходняй Сахары — і міграцыйны рычаг як зручны сродак ціску. Але на доўгую канфрантацыю Рабат наўрад ці пойдзе: эканамічныя адносіны паміж Марока і Іспаніяй на вышыні, і рызыкаваць разрывам ніводны бок не захоча. У інтарэсах Рабата — каб мяжа з анклавамі была ціхай.

Што зменіцца для беларусаў пасля масавай міграцыі ў Сеуту?

Ну а для беларусаў нічога не зменіцца. Падыходы да міграцыі ў большасці краін ЕС ужо даўно ідуць па шляху ўзмацнення рэстрыктыўнасці, таму сеуцкі крызіс нічога новага тут не дадасць. Палітыка ж Мадрыда адносна мігрантаў не зменіцца, пакуль пры ўладзе партыя Санчэса: калі адкінуць эмоцыі, міграцыя — рухавік самага хуткага росту ў еўразоне. Жаданне мець яе больш — гэта прагматызм Мадрыда (але, вядома, не так, як гэта адбылося ў Сеуце).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула