У бабы Ані ў Чачэрскім раёне хата круцейшая за музей. А сама яна спявае, вышывае і беражэ традыцыі
У вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна захоўваюць мноства культурных традыцый, асабліва славіцца бабіцкае ткацтва. Выданне Times.by сустрэлася з мясцовай жыхаркай, якая ўжо амаль 70 гадоў займаецца вышыўкай.
Фота: Times.by
З вуліцы гэта вясковая хата выглядае, як і многія ў Бабічах, — складзены з суцэльных бярвёнаў зруб, дах з недарагога шыферу, на ганку грэюцца каты. А ў доме ўсё патанае ў яркай вышыўцы — яна на беласнежных ручніках і падзорах, падушках і карцінах, фіранках і сурвэтках. Не дом, а музей! Ды і сама гаспадыня сустракае прыгожа апранутая — блузка і хустачка вышытыя яе любімымі «макоўкамі».
«Точна пра мяне трэба пісаць? У нас жа такiя музеi ў кожнай хаце», — прыкметна саромеецца Ганна Гапеенка.
Але журналісты ўжо распыталі яе суседзяў і сябровак, таму дакладна ведаюць — трэба: многім рэчам ужо па паўстагоддзя, а яны як новыя — узор не страціўся і фарбы не выцвілі.
Фота: Times.by
«Што тады вышывалi? У асноўным уцiркi»
Ганне Васільеўне — 83. З вёскай Бабічы звязана ўсё яе жыццё. Тут яна нарадзілася, скончыла сямігодку і адразу пайшла працаваць. Спачатку на свінакомплекс — дапамагала даглядаць свіней, потым працавала на ферме. А гэта заўсёды раннія пад’ёмы і расцягнуты рабочы дзень: кароў трэба было даіць без аглядкі на выхадныя і святы. І ўсё ўручную.
Замужам Ганна Васільеўна была двойчы, нарадзіла траіх дзяцей. Шэсць гадоў таму, у пандэмію каранавіруса, пахавала старэйшую дачку. Але жанчына пачынае размову не са страт, а з таго, што трымала яе ўсё жыццё, — з вышыўкі.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Вышываць яна навучылася ў трынаццаць гадоў, тут, у бацькоўскай хаце. Каля акна заўсёды стаяў ткацкі станок, за якім мама Таццяна Дзямідаўна праводзіла практычна кожны дзень. А па вечарах у дом прыходзілі яе сястра і маладыя суседкі: мама прала, а тыя вышывалі. І заўсёды спявалі.
«Так душэўна і працягла, што мне заўсёды хацелася да іх», — успамінае Ганна Васільеўна.
Кажа, старалася як мага хутчэй зрабіць школьныя ўрокі і падсаджвалася да гасцей. Назіраючы, як нараджаецца ўзор, паўтарала за імі. Так і навучылася.
На тых вячорках бабічанкі вышывалі толькі крыжыкам. Пра гладзь у вёсцы яшчэ ніхто і не чуў.
«Што тады вышывалі? У асноўным уціркі. Не, гэта не ручнікі. Тыя тканыя. А ўціркамі ў нас называюць белыя палаценцы з цвятамі па краях. Такія ў Бабічах у кожнай хаце ёсць», — тлумачыць гаспадыня дома.
З тых часоў вышыўка стала часткай яе жыцця. У доме Ганны Васільеўны вышыта амаль усё: падушкі, навалачкі, абрусы. Асабліва шмат карцін з простымі сюжэтамі — пышныя яркія кветкі, кацяня ў кошыку, рознакаляровая жар-птушка, зімовы лес, некалькі казачных замалёвак, вясковы побыт, закаханыя…
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Многія «палотны» стварала ўжо на пенсіі.
«Пакуль дзяцей трэба было гадаваць, часу вольнага было мала. А як пайшла на пенсію, мне ўжо воля стала, — суразмоўца паказвае работы, на якіх алені з каробкі цукерак і райскія птушачкі на пакручастай лазе. — Які малюнак спадабаецца, пераздыму яго на тканіну і вышываю. Кветкі звычайна з гардзіны перамалёўвала».
Вышыўка ратуе лепш за любога псіхолага
Усе гэтыя гады Ганна Васільеўна жыве ў бацькоўскім доме. Спроба паехаць за мужам у Расію ні да чаго добрага не прывяла.
«Людзі там жылі бедна, у мазанках. Наш дом у Бабічах быў утульнейшы і цяплейшы. Але ж галоўная бяда высветлілася крыху пазней — муж стаў на чужых баб заглядвацца. А я ўжо пад сэрцам старэйшую дачку насіла. Ох, наплакалася. Калi вярнулася ў бацькоўскі дом, доўга ў бок мужчын глядзець не магла», — успамінае гаспадыня 70‑я гады мінулага стагоддзя.
Тады, з маленькай дачкой на руках, маладая маці за адну зіму вышыла дыван з аленямі на ўсю сцяну.
«Плакала, усё думала пра свой лёс і вышывала, — успамінае нараджэнне «манументальнага палатна» Ганна Васільеўна. — У аснове — тры мяхі з-пад бульбы, а далей — мае слёзы і каляровыя шарсцяныя ніткі. Малюнак у кагосьці падгледзела, брахаць не буду, тады гэтыя алені дужа моднымі былі. Вось я і захапілася».
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Дыван атрымаўся ўсім на заглядзенне. Госці, калі ўпершыню трапляюць у дом Ганны Гапеенкі, адразу звяртаюць увагу на яго. І яшчэ больш захапляюцца, калі даведваюцца, што гэта ручная вышыўка крыжам.
«Мне шмат разоў прапаноўвалі яго прадаць, я ўсім адмовіла. Ён жа ў тую зіму выратаваў мяне ад дрэнных думак лепш за ўсякага псіхолага», — шчыра гаворыць бабуля.
Але час лечыць, і ў хуткім часе жанчына выйшла замуж другі раз. З клапатлівым і працавітым Міхаілам яны пражылі душа ў душу 20 гадоў, выгадавалі яшчэ дваіх дзяцей.
Спявае ў ансамблі і вышывае артыстам строі
Ганна Васільеўна вышывае ўжо амаль 70 гадоў. Лічыць, што самыя яркія і незвычайныя ўзоры атрымаліся на строях для народнага ансамбля песні і музыкі «Лёс», у якім яна з іншымі бабічанкамі спявае вось ужо паўстагоддзя.
У рэпертуары ў калектыву — сотні народных песень на любога гледача, ад абрадавых да лірычных. З канцэртамі «Лёс» аб'ездзіў увесь Чачэрскі раён, бывалі гастролі і па вобласці.
У калектыве спявалі і дзеці Ганны Гапеенкі. Сын Валерый дагэтуль грае там на гармоніку.
Фота: Times.by
Для выступленняў Ганна Васільеўна сама вышывае строі, старанна падбірае дэталі. Калі навучылася вязаць кручком, на галаўных уборах артыстак з'явіліся рознакаляровыя выпуклыя кветкі.
«Стараюся, каб на сцэне ўсё выглядала па-вясковаму дакладна і прыгожа. Для мяне гэта не проста сцэна, а працяг тых самых вячорак, з якіх пачалася мая маладосць», — прызнаецца бабуля Аня.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Захоўвае традыцыі і апранае гасцей
У Бабічах да нашых дзён захаваўся абрад «Ушэсце» — своеасаблівае развітанне з вясной. Яго праводзяць на саракавы дзень пасля Вялікадня, калі Праваслаўная царква адзначае свята Ушэсця Гасподняга.
Паглядзець на гэты цуд госці едуць адусюль: як жартуе Ганна Гапеенка, у яе доме за гэты дзень увесь свет пераварочваецца.
«Мы з маёй сяброўкай Марыяй ды ўсімі ахвотнымі праводзім абрад, як гэта рабілі нашы продкі. Збіраемся ў цэнтры вёскі і з вясновымі песнямі ідзём на жытняе поле. Водзім там карагоды, загадваем жаданні і качаемся па маладым жыце, каб быць здаровымі. На зваротным шляху спяваем летнія і грамавыя песні», — стараецца не прапусціць ніводнай дэталі старажылка Бабічаў.
Найлепшыя ўборы для «Ушэсця» — вышыванкі ад Ганны Васільеўны. І яна з задавальненнем прапануе прымераць іх гасцям.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Пры выглядзе вышытых яркімі кветкамі беласнежных блузак вочы загараюцца не толькі ў маладых дзяўчат з Веткі або Чачэрска, але і ў дарослых дам з Піцера.
«Хай фарсяць. Будуць глядзець на фотаздымкі і пра мяне што добрае ўзгадаюць, — усміхаецца жанчына. — А калі сур'ёзна, то цудоўна, што традыцыя захоўваецца. Маладых трэба вучыць абрадам, каб яны да Бога цягнуліся. Нездарма кажуць: «Без Бога — не дарога, без хлеба — не абед».
Адказваючы на пытанне, каму ўся гэта «музейная» прыгажосць з яе хаты дастанецца, Ганна Васільеўна прызнаецца, што шмат чаго ўжо раздала, а астатняе размеркавала паміж дзецьмі. Ну а калі ўнучка збярэцца замуж, таксама атрымае пасаг ад бабулі.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
«Мне нічога не шкада. У вёсцы да рэчаў ставяцца проста: было — сышло, засталося — жыве далей».
Чытайце таксама:
«За жыццё зрабіла — не пералічыць». Ужо больш за 70 гадоў бабуля Лёня стварае набожнікі-выцінанкі
«Ніколі двух аднолькавых вырабаў не звязала». Маладая мама зарабляе на жыццё прыгожым вязаннем
Бурносы, галіфэ, «мыльныя ўзоры»… У чым хадзілі нашы дзяды і прадзеды