БЕЛ Ł РУС

Былая палітзняволеная Ася Булыбенка робіць выставу карцін, напісаных пасля аборту

31.07.2026 / 12:23

Nashaniva.com

«Толькі потым я ўсвядоміла, што малявала яе — маю малютку, як я яе называла», — дзеліцца Ася ў інтэрв'ю Most. Праз забарону на аборты ў Польшчы, дзе цяпер жыве дзяўчына, яна вырашыла ехаць у Літву.

У Варшаве пройдзе выстава карцін былой палітзняволенай Асі Булыбенка, якую асудзілі па «справе студэнтаў». Праз мастацтва дзяўчына перажывае свой цяжкі досвед.

Выстава Sununfollowers складаецца з серыі карцін са сланечнікамі, якія Ася стварала на працягу некалькіх тыдняў пасля перапынення цяжарнасці. На гэты крок яна пайшла, будучы ў аб’юзіўных адносінах з былым маладым чалавекам.

Афіша выставы

Ася зацяжарала год таму. Праз забарону на аборты ў Польшчы, дзе цяпер жыве дзяўчына, яна паехала ў Літву.

Першы сланечнік Ася намалявала праз месяц пасля аборту. У хуткім часе пасля гэтага дзяўчына трапіла ў псіхіятрычную клініку ў Літве з дыягназамі дэпрэсія, анарэксія і ПТСР — посттраўматычнае стрэсавае расстройства.

Там яна намалявала яшчэ некалькі прац, у тым ліку тую, дзе сланечнік выяўлены ўнутры яе.

«Толькі потым я ўсвядоміла, што малявала яе — маю малютку, як я яе называла, — дзеліцца мастачка ў інтэрв'ю Most. — Біялагічна гэта быў проста эмбрыён. Старалася сабе гэта выклікаць у галаве і ўнушыць, каб супакоіць. Але псіхалагічна я паспела прывязацца, бо тэрмін быў не тыдзень, не два і не тры. Не было ніякага пахавання. Для мяне гэта гора».

Праз выставу Ася хоча падняць тэму абмежаванняў на аборты ў Польшчы і паказаць, з якімі асабістымі перажываннямі могуць сутыкацца жанчыны ў падобных сітуацыях.

У межах выставы будзе арганізаваны збор ахвяраванняў (данатаў), частку з якіх Ася збіраецца афіцыйна перадаць арганізацыі Aborcyjny Dream Team, якая абараняе рэпрадуктыўныя правы жанчын і змагаецца за дэкрыміналізацыю абортаў у Польшчы.

Чытайце таксама:

Былой палітзняволенай Асі Булыбенцы сабралі 12 тысяч еўра дапамогі за суткі

Апячаталі кватэру былой палітзняволенай па справе студэнтаў Настассі Булыбенкі

Экс-палітзняволеная Ася Булыбенка апублікавала фота з кнігай Рэмарка — за гэтым хаваецца кранальная гісторыя

«Цэрбер вялікім нажом разразае мне твар». Студэнтка Ася Булыбенка — пра самае цяжкае зняволенне пасля зняволення, спробу суіцыду і вяртанне да жыцця

Каментары да артыкула