БЕЛ Ł РУС

Пашынян іранічна прыгадаў Лукашэнку словы пра «непатрэбных армян»

30.07.2026 / 21:48

Nashaniva.com

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян згадаў Аляксандра Лукашэнку ў сувязі са сказанымі ім у 2024 годзе словы пра тое, што, маўляў, «армяне нікому не патрэбныя», акрамя Расіі і яе партнёраў на постсавецкай прасторы. Ён узгадаў пра гэта, разважаючы пра выбар паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС), паведамляе Panorama.am.

Нікол Пашынян. Фота: Dmitry Astakhov, Sputnik, Government Pool Photo via AP

«Чаму ў якасці перадумовы пастаянна зыходзяць з таго, што мы — «кепскі партнёр»? Каму і што кепскага зрабіла Рэспубліка Арменія, што прэзідэнт Беларусі заявіў: «Ды каму патрэбна Арменія?» Як можна так казаць пра суверэнную краіну?» — абурыўся Пашынян.

Ён выказаў перакананне, што Арменія «патрэбная Кітаю, ЗША, ЕС, Ірану, Грузіі, Францыі, Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі» — гэтак жа сама, як і ўсе гэтыя партнёры патрэбныя самой Арменіі.

Пашынян нагадаў, што Арменія падпісала дакументы аб стратэгічным партнёрстве з Кітаем, ЗША, Вялікабрытаніяй, Нідэрландамі, Францыяй і мноствам іншых краін. Такой колькасці партнёраў у яе раней не было, адзначыў ён.

«Расія бачыць праблему менавіта ў гэтым: альбо адносіны павінны быць эксклюзіўнымі, альбо адносін быць не павінна. Мы не прымаем такі падыход», — сказаў кіраўнік армянскага ўрада.

У жніўні 2024 года Лукашэнка раскрытыкаваў палітычны курс Ерэвана ў інтэрв'ю журналісту і дэпутату Дзярждумы Яўгену Папову на тэлеканале «Расія». Ён тады супрацьпаставіў Беларусь іншым постсавецкім дзяржавам, якія пачынаюць «віхляць» і «ад Расіі хочуць чагосьці ўзяць, а ўзамен нічога не даць».

«Каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому. Яны нікому не патрэбныя. Хай развіваюць сваю эканоміку і засяродзяцца на тым, што ў іх ёсць. Якая Францыя, які Макрон? Заўтра Макрона не будзе, і ўсе забудуць пра гэтую Арменію», — заявіў тады Лукашэнка.

Ягоныя словы выклікалі вялікае абурэнне ў Арменіі і спрычыніліся да моцнага пагаршэння ўзаемных адносін, якое актуальнае да гэтага часу.

Чытайце таксама:

«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку

«Гэта паводзіны дробнага крымінальніка, якога трэба браць за шкірку». Армянскі палітолаг пра Лукашэнку і яго выказванні

Пасольства Беларусі ў Арменіі закідалі яйкамі і памідорамі ВІДЭА

Каментары да артыкула